Баранавіцкіх маладафронтаўцаў суд пакараў штрафамі
2 траўня ў Баранавічах адбыліся адміністрацыйныя суды над лідэрам мясцовай філіі Маладога Фронту Яраславам Грышчэнем, актывістамі Арцёмам Ластавецкім і Алесем Першакам, затрыманымі напярэдадні Дня Эўропы.
1 траўня каля дзесяці актывістаў Баранавіцкага Маладога Фронту ехалі на электрацыі ў Менск на сьвяткаваньне Дня Эўропы. Нечакана ў вагон зайшлі 2 міліцыянты і 7 чалавек у цывільным, якія гвалтоўна затрымалі моладзь для праверкі дакумантаў. Пры затрыманьні Яраслаў Грышчэня і Арцём Ластавіцкі былі зьбіты. Праз 6 гадзін усе непаўнагадовыя актывісты былі вызвалены, а Яраслава, Арцёма і Алеся абвінавацілі ў лаянцы матам і пакінулі ў ізалятары да суду.
У выніку Яраслаў Грышчэня быў пакараны 5 базавымі, Ластоўскі Арцём – 3 базавымі, Пяршак Алесь – 3 базавымі велічынямі. Зь Яраславам таксама была праведзена асабістая размова, падчас якой яму прыгразілі крымінальнй адказнасьцю за палітычную дзейнасьць і параілі “на ўсялякі выпадак” зьехаць з Баранавіч.
Варта дадаць, што Ластавецкі Арцём некалькі дзён назад быў звольнены з працы за ўдзел у Акцыі Салідарнасьці 16 красавіка.