viasna on patreon

З Вiталя Алейнiка дзяржава патрабуе 12 мiльёнаў рублёў

2008 2008-04-30T18:48:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На пачатку мая ў судзе Маладзечанскага раёна павiнны пачацца слуханнi па справе аб кампенсацыi з аспiранта Вiталя Алейнiка сродкаў за навучанне.

Iсцец па гэтай справе — пракурор Мiнскай вобласцi ў iнтарэсах дзяржавы. Трэцяй асобай з'яўляецца Мiнiстэрства замежных спраў Беларусi.

Справа ў тым, што ў 2002 годзе Вiталь Алейнiк выйграў конкурс МЗС Беларусi i быў накiраваны на вучобу ў вядомы Маскоўскi дзяржаўны iнстытут мiжнародных зносін (па-руску МГИМО). Разам з iм у Маскву па гэтай жа праграме паехалi навучацца яшчэ тры студэнты. Беларускi бок аплачваў хлопцам iнтэрнат i даваў стыпендыю.

Калi юнакi скончылi навучанне, нiводны з iх у Беларусь не вярнуўся. Вiталь Алейнiк паступiў у аспiрантуру таго ж інстытута міжнародных зносін, дзе i навучаецца зараз. А славутую маскоўскую вышэйшую навучальную ўстанову беларус скончыў з чырвоным дыпломам.

Сёлета дзяржава вырашыла спагнаць з былых студэнтаў грошы за навучанне. Цана адукацыi кожнага склала 12 мiльёнаў беларускiх рублёў. Тры справы разглядалiся ў Ленiнскiм судзе Мiнска, чацвёртая павiнна слухацца ў гэтыя дні ў судзе Маладзечанскага раёна — адтуль родам Вiталь Алейнiк.

— Раней такой практыкi, як спагнанне сродкаў са студэнтаў Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных зносін, якiя адмовiлiся прыехаць на працу ў беларускае Міністэрства замежных спраў, не iснавала, — кажа Вiталь Алейнiк. — Што змянiлася зараз? Артыкул Канстытуцыi аб бясплатнай адукацыi, здаецца, нiхто не адмяняў. Не маючы нiякiх абавязацельстваў перад дзяржавай у цэлым i беларускiм МЗС у прыватнасцi, я планаваў вярнуцца пасля атрымання адукацыi ў Мiнск, на працу ў мiнiстэрства. А зараз, мяркую, наўрад цi так будзе. Пасля вядомых сакавiцкiх падзей 2006 года i рэферэндуму 2004-га ў нашай дзяржаве адбылiся кардынальныя змены…

Дарэчы, суд Ленiнскага раёна Мiнска прыняў рашэнне спагнаць у бюджэт краiны со студэнтаў маскоўскага iнстытута 12 мiльёнаў рублёў. Зразумела, з кожнага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства