Суд вярнуў адміністратыўную справу актывіста на дапрацоўку
Сёння ў Брэсцкім раённым судзе разгледжана адміністрацыйная справа Дзяніса Турчаняка, затрыманага ў Дзень Волі і абвінавачанага міліцыянтамі ў дробным хуліганстве.
Нагадаем, 25 сакавіка Дзяніс Турчаняк і двое яго знаёмых ехалі ў Менск на святкаванне Дня Волі". У 7 гадзін 25 хвілін раніцы яго аўтамабіль быў затрыманы патрулём ДАІ у складзе лейтэнанта Катлярэвіча Андрэя Анатольевіча і старэйшага лейтэнанта Базылюка Д.З. на трасе Брэст-Менск каля АЗС «ЛУКОЙЛ» у кірунку Кобрына. У рапартах міліцыянты засведчылі, што «па радыёэфіру паступіла паведамленне аб тым, што аўтамабіль Фольксваген пасат сіняга колеру… рухаецца па кірунку выезду з горада і ў змененыя нумары кузава… Падчас праверак дакументаў і аглядзе нумароў кузава, грамадзянін Турчэняк Дзяніс Вячаслававіч паводзіў сябе абуральна з хуліганскіх падахвочванняў лаяўся грубай нецэнзурнай лаянкай, на нашыя прапановы спыніць хуліганскія дзеянні не рэагаваў,…"
31 сакавіка ўчастковы інспектар Брэсцкага РАЎС ст. л-т Ніканчук Аляксей Уладзіміравіч на падставе рапартоў склаў пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).
30 красавіка суддзя суду Брэсцкага раёна Ісаева, азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, убачыла, што ні адзін з дакументаў не падпісаны Дзянісам Турчанякам, і адправіла матэрыялы справы на дапрацоўку ў Брэсцкі РАЎС.
Пасля суду Дзяніс Турчаняк распавёў: « Сведкамі гутаркі з супрацоўнікамі міліцыі падчас затрымання былі дзве цывільныя асобы, пасажыры майго аўтамабіля, больш таго я запісваў гутарку з супрацоўнікамі міліцыі на дыктафон і маю намер перадаць арыгінал запісу і яе раздрукоўку ў суд. Участковага інспектару, які складаў пратакол я ў вочы не бачыў, бо я ў райаддзел не з'яўляўся і ні з кім з супрацоўнікаў міліцыі не размаўляў. Тым часам участковы паказаў, што я адмовіўся ад дачы тлумачэнняў, ад азнаямлення са сваімі правамі, ад подпісаў пад пратаколам і ад атрымання копіі пратаколу. Я лічу, што з боку супрацоўнікаў міліцыі мае месца службовая падробка».
Каментар праваабаронцы Ўладзіміра Вялічкіна:
«Нажаль, выпадак з Дзянісам Турчанякам далёка не першы, абылгаць добрапрыстойнага грамадзяніна для супрацоўніка міліцыі стала нормай, гэта значыць варта казаць аб тым, што нашы праваахоўныя органы перасталі выконваць сваю непасрэдную функцыю па ахове грамадскага парадку. Шматлікія іх супрацоўнікі разбэшчаныя і на сённяшні дзень уяўляюць небяспеку мірнаму і спакойнаму ладу жыцця грамадзян. Бо сёння, атрымліваецца, супрацоўнік міліцыі можа абылгаць любога, і нічога яму за гэта не будзе. Суд, прымаючы рашэнні, карыстаецца прэзумпцыяй даверу супрацоўніку міліцыі, і як следства нявінны чалавек апынаецца за кратамі».