viasna on patreon

Законпраект аб ахвярах нацысцкіх рэпрэсіяў адкладзены

2008 2008-04-25T18:51:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Беларусі зьявілася грамадзкая ініцыятыва прыняцьця закону аб ахвярах нацысцкіх рэпрэсіяў. Пакуль яна не атрымала дазволу на збор подпісаў. Незалежныя экспэрты падкрэсьліваюць, што гэты закон павінен быць пашыраны на ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

У чацьвер адбылося паседжаньне Цэнтрвыбаркаму Беларусі, на якім разглядалася заяўка групы грамадзянаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па збору подпісаў па падрыхтоўцы закону аб ахвярах нацысцкіх рэпрэсій.

Ініцыятарам прыняцьця такога законапраекту зьяўляецца Грамадзкае аб’яднаньне былых вязняў фашызму. Гэта выклікана тым, што ў беларускім заканадаўстве адсутнічаюць прававыя нормы ў адносінах ахвяраў нацысцкіх рэпрэсіяў. У прыватнасьці, надзяляецца недастатковая ўвага льготам для былых вязьняў. Распавядае Рэгіна Лаўрыновіч з Грамадзкага аб'яднаньня былых вязьняў фашызму.

Лаўрыновіч Рэгіна: Адбыўся агульны сход нашай арганізацыі. Падчас гэтага сходу было прынята рашэньне пра выпрацоўку праекту закону аб былых ахвярах нацызму. Аркадый Шкуран, праўнік па адукацыі, падрыхтаваў усе дакумэнты й аднёс у ЦВК. ЦВК павінна было зарэгістраваць гэтыя дакумэнты й даць дазвол на збор подпісаў. Дзеля таго, каб закон трапіў у Палату прадстаўнікоў па ініцыятыве грамадзянаў, трэба сабраць 50 тыс. подпісаў. Ведаю, што ЦВК разглядаў справу й выклікаў Шкурана. Наступстваў ня ведаю.

Чалец Цэнтрвыбаркама Надзея Кісялёва адзначыла, што заяўка была адхілена. Яна можа быць дапрацавана, пасьля чаго можа быць паўторна пададзена на разгляд у ЦВК.

Лаўрыновіч Рэгіна: Гэта, відавочна, адзін з мэтадаў, каб цягнуць час. Трэба будзе дапрацаваць. Думаю, што так і павінна быць.

На думку Леаніда Маракова, беларускага пісьменьніка й дасьледчыка палітычных рэпрэсіяў у 20-м стагодзьдзі, павінен быць закон аб падтрымцы як ахвяраў гітлераўскіх, так і сталінскіх рэпрэсіяў.

Леанід Маракоў: Я за тое, каб усім, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў Сталіна й Гітлера, нешта вярталі, давалі кампэнсацыю сям'і ці нашчадкам. Аднак я лічу, што спачатку трэба заняцца рэпрэсіямі, якія адбываліся ў 1920 - 30-ыя гады, а потым тым, што было далей. Бяз гэтага будзе адцягваньне ўвагі ад шматмільённых сталінскіх рэпрэсіяў, больш чым пры фашызме.

Гісторык Ігар Кузьняцоў адзначае, што яшчэ з савецкіх часоў вызначаны статус удзельнікаў вайны ды ахвяраў нацысцкіх злачынстваў. Затое з 1997 году ня дзейнічае палажэньне аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў. Ім увогуле не аказваецца дапамога.

Ігар Кузняцоў: Прыняцьцё такога закону выкліча адразу пытаньне, чаму ў Беларусі яшчэ няма закону аб рэабілітацыі ахвяраў палітрэпрэсіяў, калі існуе аналягічны закон у Расеі. Апрача гэтага, удзельнікі вайны й ахвяры нацысцкіх рэпрэсіяў з савецкіх часоў мелі льготы. Дакладна былі вызначаны катэгорыі: непаўнагадовыя вязьні, вязьні лягераў сьмерці, асобы - ўдзельнікі партызанцкага руху й г.д.. Таму няма патрэбы прымаць дадатковы закон, бо ўсе гэтыя катэгорыі карыстаюцца пэўнымі льготамі ў адрозьненьні ад ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. На пачатку 1990-ых было прынята ВС адмысловае палажэньне, якое прызначала льготы гэтым людзям. Аднак яно было прыпынена ў 1997 годзе ўказам прэзыдэнта. Вось ужо 10 гадоў, як ахвяры рэпрэсіяў не атрымоўваюць ніякіх ільготаў. Нават няма праекту закону, каб вярнуць тыя льготы, што былі. Таму калі зараз будзе разглядацца закон аб рэабілітацыі ахвяраў нацысцкіх злачынстваў, то ўзьнікае пытаньне, чаму свае грамадзяне, што пацярпелі, ня маюць увогуле ніякіх ільготаў.

Адмоўнае рашэньне ЦВК ня спыніць ініцыятараў законапраекту аб ахвярах нацысцкіх рэпрэсіяў. Можа быць, дзякуючы гэтаму, па аналёгіі з ахвярамі нацыскіх рэпрэсіяў будзе прыняты закон пра ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства