У Гомелі 7 сутак арышту атрымала Марыя Тульжанкова
25 красавіка судзьдзя Навабеліцкага райсуду Гомелю Алег Харошка вынес рашэньне пакараць ўдзельніцу гістарычнай экскурсіі па арт. 23.34 КаАП на 7 сутак адміністратыўнага арышту.
Раней судзьдзя Алег Харошка ужо пакараў Сьвятаслава Шапавалава на 10 сутак арышту, Аляксандра Процку на 7 сутак і пенсіянера Уладзіміра Няпомняшчага на 15 сутак. Іншыя ўдзельнікі экскурсіі атрымалі штрафы: Іван Адаменка — 20 базавых велічыняў, Зьміцер Кутасаў і журналістка Тацяна Бублікава — па 15 б.в. Застаўся яшчэ адзін непакараны ўдзельнік Трыфанаў, які знаходзіцца ў камандыроўцы.
Нагадаем, 23 сакавіка каля 20 чалавек з чырвонымі і белымі паветранымі шарыкамі прайшлі па месцах, зьвязаных з дзейнасьцю міністра БНР Палуты Бадуновай. Міліцыянты здамалі экскурсію на відэа, пасьля чаго на 8 чалавек былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.