У Магілёве затрыманы чарнобылец Мікалай Расюк
Сёньня ў Магілёве быў затрыманы перасяленец з Чарнобыльскай зоны актывіст сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Мікалай Расюк.
Напярэдадні ён зьвяртаўся ў гарвыканкам з прозьбай, каб выступіць на афіцыйным мітынгу, прысьвечанаму ўгодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і атрымаў абяцаньне на кароткі выступ каля 5 хвілінаў. Мікалай Расюк хацеў выступіць супраць будаўніцтва АЭС. Аднак на падыходзе да месца правядзеньня мерапрыемства, дэмакратычны актывіст быў затрыманы міліцыянтамі. Пры асабістым даглядзе ў яго знайшлі кнігі Сьвятланы Алексіевіч і бел-чырвона-белы шалік. Акрамя таго, сп.Расюк нёс з сабой вянок, на стужках якога было напісана “Ад аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі Магілёва”.
Міліцыянты даставілі чарнобыльца ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва і адпусьцілі, калі мітынг ужо быў скончаны. Прычыну затрыманьня міліцыянты так і не назвалі. Сам Мікола Расюк лічыць, што гэта было зроблена, каб пазбавіць яго выступу.