Прымусовае разьмеркаваньне для ідэалагічна ненадзейных
25 красавіка на факультэце журналістыкі БДУ адбылося камісіі па разьмеркаваньні выпускнікоў пад кіраўніцтвам міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча. Студэнтку 5-га курса і прэс-сакратара Партыі БНФ Кацярыну Маркоўскую разьмеркавалі ў крычаўскую газэту "Ленінскі кліч" на працу загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі.
Апроч міністра у склад камісіі ўвайшлі дэкан факультэту журналістыкі Сяргей Дубовік, кіраўнікі катэдраў, намесьнік дэкана па вучэбнай працы Вольга Самусевіч. Выпускнікам было прапанавана самім шукаць месца працы й прыносіць запыты. Кацярына Маркоўская мела запыт на працу літаратурным рэдактарам у выдавецкім доме Таварыства беларускай мовы ў Лідзе. Але з хадайніцтва Сяргея Дубовіка яго не задаволілі.
Кацярына Маркоўская заканчвае факультэт журналістыкі па спэцыяльнасьці "літаратурны рэдактар". Паводле студэнткі, рашэньне камісіі па разьмеркаваньні носіць тэндэнцыйны характар: "Згодна палажэньня аб разьмеркаваньні выпускнікоў мяне ня маюць права разьмяркоўваць не па спэцыяльнасьці, у дадзеным выпадку загадчыкам аддзелу. Я зьбіраюся абскарджваць дадзенае рашэньне у вышэйшых інстанцыях, калі будзе неабходна – зьвяртацца ў суд".
У лютым 2008 з факультэта журналістыкі нібыта за акадэмічную непасьпяховасьць быў адлічаны сябра Сойму Партыі БНФ Франак Вячорка. Кацярына Маркоўская перакананая, што ейнае разьмеркаваньне – працяг кампаніі рэпрэсіяў супраць студэнтаў журфака БДУ. "Журфак сябе дыскрэдытаваў канчаткова. Гэты факультэт пераўтварыўся ў рэпрэсіўны інструмэнт сыстэмы адукацыі супраць іншадумства і ініцыятывы", – гаворыць студэнтка.