Магілёўскае абласное ўпраўленьне юстыцыі папярэдзіла жаночае грамадзкае аб’яднаньне “Любава” з Горак. Чыноўнікі лічаць, што НДА разьмяшчае сваю сядзібу ў шматкватэрным доме і мусіць знайсьці для юрыдычнай адрэсы іншае памяшканьне.
Пра гэта паведаміў партал belngo.info
Грамадзкія актывісткі зьдзіўленыя такому патрабаваньню, бо маюць юрыдычную адрэсу не ў шматкватэрным доме, а ў прыватным, у якім ёсьць два асобных выхады. Аднак, калі праўда апынецца на баку чыноўнікаў ад юстыцыі (чаго не здараецца ў нашых судах?), перад жаночым НДА паўстане амаль невырашальная праблема, бо знайсьці новае месца для разьмяшчэньня юрыдычнай адрэсы ў маленькіх Горках амаль немагчымаю.
“Любава” была зарэгістраваная ў 2001 годзе і на сёньня зьяўляецца адной з самых вядомых НДА гораду. Яе сяброўкі за час існаваньня аб’яднаньня запомніліся мясцовым жыхарам як арганізатаркі шматлікіх сацыяльных акцыяў для дзяцей-сіротаў і сацыяльна неабароненых сем’яў. І вось цяпер “Любаве” пагражае ліквідацыя і пераход на нелегальнае становішча.