Сустрэча Мілінкевіча з гарадзенцамі сарваная
Аляксандра Мілінкевіча і трох ягоных супрацоўнікаў дзьве гадзіны дапытвалі ў Гарадзенскім РАУС.
Як паведаміў Павал Мажэйка, яны трапілі туды каля 18-й гадзіны, у іх забралі пашпарты, і яны чакаюць далейшых дзеяньняў з боку міліцыянтаў.
Машыну А.Мілінкевіча затрымалі ў Гарадзенскім раёне, па дарозе з Мастоў у Горадню. Міліцыянты сказалі, што ў іх можа быць угнаная машына, і трэба ехаць у пастарунак дзеля разьбіральнацтва.
Тым часам у Горадні на плошчы Савецкай некалькі дзесяткаў чалавек чакалі сустрэчы са сваім земляком, лідэрам руху “За Свабоду”. Пасьля 17-й гадзіны, калі людзі даведаліся аб затрыманьні спадара Мілінкевіча, яны сталі разыходзіцца. На плошчы ўвесь час дзяжурылі міліцыянты.
У пастарунку міліцыянты пыталіся ў А.Мілінкевіча і яго паплечнікаў пра зьвесткі па адной і той жа крымінальнай справе: два месяцы таму у вёсцы Каробчыцы каля Горадні была скрадзена паляўнічая зброя і залатыя вырабы. Усе затрыманыя адмовіліся даваць паказаньні, паведаміў Павал Мажэйка. Пасьля 20-й гадзіны Аляксандра Мілінкевіча адпусьцілі.