Навіны на Гродзенскім тэлебачанні будуць выходзіць па-беларуску
Такое абяцанне кіраўніку гродзенскага ТБМ Аляксандру Місцюкевічу зрабіў мэр Гродна Аляксандр Антоненка.
Праблема з мовай на гродзенскім тэлебачанні паўстала пасля таго, як новапрызначаны дырэктар тэлерадыёкампаніі "Гродна" Мікалай Мельячэнка ў інтэрв’ю газеце "Вячэрні Гродна" заявіў аб тым, што пад яго кіраўніцтвам эфір будзе пераважна рускамоўным.
Адразу пасля гэтага прызнання кіраўнік гродзенскага ТБМ Аляксандр Місцюкевіч хадзіў на прыём да мэра Аляксандра Антоненкі. На сустрэчы кіраўнік гораду заявіў наступнае: "Мясцовае кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі такіх рашэнняў не прымае. Апошняе слова за Мінскам. А яны пакідаюць дзелавую частку эфіру на беларускай мове".
Адзначым, што дзелавая частка - гэта навіны, якія і займаюць асноўную частку эфіру гродзенскага тэлебачання. Яны транслююцца на наступных каналах: з раніцы на тэлеканале "Лад" , а ўвечары на БТ. Чытаюць навіны па-беларуску дыктары, які прафесійна валодаюць беларускай мовай.