Рэктарат БДЭУ настойвае на адлічэньні Людвісі Атакулавай
У чацьвер рэктарат БДЭУ правёў адмысловае паседжаньне, на якім разглядалася пытаньне аб магчымым выключэньні актывісткі Маладога Фронту Людвісі Атакулавай.
Нагадаем, пасьля неаднаразовых затрыманьняў і адміністрацыйных пакараньняў маладафронтаўкі, у тым ліку і арыштамі, пад ціскам супрацоўнікаў КДБ кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсітэту стала пагражаць студэнтке 3-га курсу “Вышэйшай школы турызму” адлічэньнем. Неабходна адзначыць, што афіцыйных падстаў для выключэньне Людвісі няма, бо дзяўчына амаль ня мае пропускаў і вучыцца добра: яе сярэдні был перавышае 7,5.
Але спэцыяльная камісія, якая складалася з 21 чалавека, вырашыла хадайнічаць перад рэктарам БДЭУ Шымавым аб адлічэньні Людвісі Атакулавай. Цягам бліжэйшых дзён адбудуцца яшчэ некалькі паседжаньняў, на якіх будзе прынята дакладнае рашэньне.
“На паседжаньні дэкан майго факультэту Кабушкін адзначыў, што я “супрацьстаю соцыуму”, - распавядае Людвіся Атакулава. – Пры гэтым ён заўважыў, што ўдзельнічаючы ў акцыях апазыцыі, адбываючы арышты, я быццам бы парушаю закон і не выконваю сваіх грамадзянскіх і студэнцкіх абавязальніцтваў, на што я заўважыла, што асноўнай мэтай навучаньня зьяўляецца адукацыя і выхаваньне. Выхаваньне менавіта годнага, сумленнага, шчырага чалавека, а ня шэрага студэнта, які будзе рушыцца па плыні і падпарадкоўвацца зьнешнім абставінам, якімі б яны не былі”.
Маладафронтавец Аляксей Янушэўскі, які раней быў выключаны за палітычную актыўнасьць з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўнівэрсітэту, сьцьвярджае:
“Малады Фронт зробіць усё магчымае, каб абараніць Людвісю Атакулаву. У выпадку, калі вышэйшае кіраўніцтва падпіша незаконны палітычна-матываваны загад аб адлічэньні дзяўчыны, якая мае выдатную пасьпяховасьць і з-за сваёй адкрытай палітычнай пазыцыі пазбаўляецца законнага права на атрыманьне вышэйшае адукацыі, БДЭУ згубіць ня толькі сваіх замежных партнэраў, паколькі ім будуць разасланыя адмысловыя заявы падпісаныя вядомымі палітыкамі Беларусі, але й стане сынонім ВНУ, дзе кіраўніцтва выконвае палітычныя загады беларускіх спэцслужбаў. МФ будзе дамагацца забароны ўезду ва ўсе цывілізаваныя краіны сьвету ня толькі пэрсанальна для рэктара Шымава, але й для усяго вышэйшага кіраўніцтва ўнівэрсытэта."