viasna on patreon

Анжаліка Борыс і Ігар Банцар аштрафаваныя

2008 2008-04-18T16:49:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўнічка непрызнанага беларускімі ўладамі “Саюза палякаў у Беларусі” Анжаліка Борыс, журналіст “Magazyn Polski” Ігар Банцар і кіроўца Віктар Борыс пакараныя штрафам у памеры 15 базавых адзінак за знаходжанне ў памежнай зоне без неабходных дакументаў. Такое рашэнне вынесла сёння адміністрацыйная камісія Лідскай вайсковай часткі №1234 на чале з падпалкоўнікам Уладзімірам Ляўдам.

Як паведаміў Рацыі Ігар Банцар, актывістам таксама патлумачылі, што яны аўтаматычна ўносяцца ў спіс асобаў, якім забаронена выязджаць за мяжу, да аплаты штрафу. “Гэта пратакольная форма і мы не можам гэтага не зрабіць, нават калі вы зараз аплоціце штраф і прынясеце квітанцыю”, - паведамілі ў адміністрацыйнай камісіі. Пры гэтым там заверылі, што забарона на выезд будзе знятая на працягу трох дзён са дня аплаты штрафа.

Нагадаем, 14 красавіка ў Радуні, што ў Воранаўскім раёне, былі затрыманыя восем грамадзян Польшчы, якія прыехалі ў Беларусь у межах культурнага абмену. Акрамя таго, днём там жа былі затрыманыя лідэр непрызнанага ўладамі “Саюза палякаў у Беларусі” Анжаліка Борыс, журналіст Ігар Банцар і кіроўца Віктар Борыс.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства