Журналістцы «шыюць» удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве
Гомельскую журналістку, сябру БАЖ Таццяну Бублікаву абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пра гэта гаворыцца ў пратаколе, які журналістцы паказалі падчас чарговага выкліку ў міліцыю. Нагодай стала прысутнасць журналісткі на экскурсіі, зладжанай 23 сакавіка ў Гомелі грамадскімі актывістамі з нагоды 90-х угодкаў БНР.
Паводле пратакола, які 14 красавіка Т. Бублікавай прапанаваў падпісаць намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Навабеліцкага раёна Гомеля Уладзімір Сімак, яна абвінавачваецца паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП («Парушэнне вызначанага парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства альбо пікетавання») і арт. 4.9 Закона аб масавых мерапрыемствах.
«Тры разы мяне выклікалі як сведку па справе аб несанкцыяваным масавым мерапрыемстве, — распавяла Таццяна Бублікава ў гутарцы са службай маніторынгу БАЖ. — Пыталіся, з якой мэтай я там была. Я тлумачыла, што прысутнічала ў якасці карэспандэнта газеты «Товарищ»...»
У якасці пацвярджэння журналістка паказала міліцыянту пасведчанне сябра ГА «БАЖ», рэдакцыйнае пасведчанне, а таксама ліст ад рэдактара «Товарища» Сяргея Вазняка, у якім паведамлялася, што Т. Бублікава сапраўды 23 сакавіка выконвала рэдакцыйнае заданне.
У завяршэнні размовы ў міліцыі Таццяне Бублікавай паведамілі, што справу накіроўваюць на разгляд у суд.