viasna on patreon

Не чапайце паэта!

2008 2008-04-17T14:36:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/91ba3301-9a26-4e9d-82ff-4c2ca3c9d463_mw800_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дэмантаж помніка Багдановічу ў Менску

Дэмантаж помніка Багдановічу ў Менску

Старшыні менскага гарвыканкаму Уладзіміру Паўлаву

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Мацьвейчуку

 

АДКРЫТЫ ЗВАРОТ

З сродкаў масавай інфармацыі мы даведаліся пра тое, што пры рэканструкцыі тэатру оперы і балету на плошчы Парыжскай Камуны пераносіцца “некуды ўбок” помнік Максіму Багдановічу, аднаму з найбольш любімых у народзе беларускіх паэтаў.

Выклікае зьдзіўленьне парадак прыняцьця рашэньня, калі прапанова па пераносе, распрацаваная архітэктарам “Мінскпраекту” Ірынай Сінельнік, абмяркоўвалася ў вузкім коле чыноўнікаў і, што самае істотнае, не праходзіла грамадзкага абмеркаваньня.

Нагадаем, што помнік Максіму Багадновічу – гэта помнік сапраўды народнаму беларускаму паэту і па любым рашэньні ягонага добраўпарадкаваньня, а тым больш пераносе, мусілі найперш выказацца беларускія пісьменьнікі, мастакі, музейныя працаўнікі, культурныя дзеячы, тыя людзі, якія працуюць на ўзбагачэньне і павелічэньне культурнага і духоўнага набытку нашага народу, што некалі рабіў і Максім Багдановіч. Інакш рашэньне такога кшталту зьяўляецца актам безкультурнасьці і валюнтарызму, актам ганьбаваньня памяці славутага сына беларускай зямлі.

Як зноў жа стала вядома з СМІ, рашаючае слова пра перанос помніка сказаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. 21 сакавіка 2008 году ён ухваліў гэты перанос. Вядома, што Аляксандр Рыгоравіч -- спецыяліст шырокага профілю. Але ягоныя выказваньні цягам апошніх гадоў, што тычаць беларускай гісторыі, а таксама літаратуры, гавораць пра недастатковыя і вельмі сумнеўныя веды прэзідэнта ў беларускай гісторыі і літаратуры. Таму, мы перакананыя, што яны не павінны былі зьяўляцца асноўным чыннікам у такім далікатным пытаньні, як рашэньне пра перанос помніка Максіму Багдановічу.

 

Мы з трывогаю зазначаем, што ў Менску няма выразнай канцэпцыі захаваньня культурнай і гістарычнай спадчыны і многія помнікі гісторыі і культуры зьнішчаюцца і ў гэтым наўпрост ёсьць віна кіраўніцтва гораду. Як прыклад, прывядзем знішчэньне ў 2004 годзе сядзібы па вуліцы Румянцава 7, якая некалі належала жонцы Янкі Купалы, беларускай культурнай дзяячцы яшчэ нашаніўскага перыяду, адной з заснавальніц беларускай педагогікі Уладзіславе Францаўне Луцэвіч. У гэтым доме жыла яна, першыя гады разьмяшчаўся музей Янкі Купалы, дом быў месцам працы і спатканьняў для многіх вядомых беларускіх пісьменьнікаў. Цяпер на месцы гэтай мемарыяльнай сядзібы стаіць элітны дом. Вось так на рэштках беларускай памяці сёньня ў Менску квітнее невуцтва і пагарда да нашай беларускай культурнай спадчыны.

 

Мы заклікаем кіраўніцтва гораду з найвялікшай павагай і клопатам ставіцца да тых нешматлікіх помнікаў гісторыі і культуры, якія яшчэ засталіся ў Менску.

 

Але вернепмся да пытання пераносу помніка Максіма Багдановіча. Нагадаем, што помнік быў устаноўлены ў 1981 годзе да 90-х угодкаў з дня нараджэньня паэта.

Помнік прайшоў мастацкую экспертызу Саюза мастакоў, а месца для ўстаноўкі помніка, прапанаванае архітэктарамі Леанардам Маскалевічам і Юрыем Казаковым было абранае як адно з найлепшых, якое б падкрэсьлівала і мастацкую выразнасць помніка, і гістарычную сувязь Максіма Багдановіча з гэтым раёнам Менску, і сучаснае значэньне ягонай творчасьці для беларускай культуры. Выразна бачны з вуліцы Янкі Купалы, прапарцыйна разьмешчаны ў адносінах да будынку тэатру оперы і балета, помнік несумненна стаў адной з прывабных візітных картак Менску.

Абгрунтаваньне па пераносе помніка з боку архітэктара Ірыны Сінельнік зьяўляецца, непераканаўчым, разбураючым да ўсяго спадчыну іншых архітэктараў.

 

У гэтай сітуацыі нас зьдзіўляе пазіцыя міністэрства культуры, якое, здавалася б, павінна было б быць найбольш кампетэнтным і заўзятым абаронцам беларускай культурнай спадчыны. Помнік жа Максіму Багдановічу (а таксама і архітэктурнае рашэньне, якое тычыць месца яго ўстаноўкі) ўнесены ў сьпіс помнікаў гісторыі і культуры, які ахоўваецца дзяржаваю!

Дарэчы кажучы, узровень рашэньняў у міністэрстве, што тычаць разьвіцьця беларускай культуры, кампетэнтнасьць міністра і ўсяго міністэрства моцна ўпалі цягам апошніх дзесяці гадоў і сьведчыць пра сур’ёзны адукацыйны і культурніцкі крызіс гэтай установы. У якой гэта незалежнай і паважаючай сябе дзяржаве міністр і чыноўнікі міністэрства культуры пераважна не гавораць, не працуюць і не выступаюць на роднай мове народу гэтай дзяржавы? Ігнараваньне беларускай мовы -- гэта ж ці ня ёсьць першасная прыкмета бескультур’я? Спадар міністр, мова ж з’яўляецца адным з відочных паказальнікаў культурнай адметнасьці народу, а таксама паказальнікам вашага асабістага культурнага ўзроўню!

 

Уся хада вырашэньня пытаньня пытаньня пра перанос помніка Максіма Багдановіча, на жаль, прымушае нас думаць пра сістэмны крызіс у развіцці беларускай культуры. Пра больш палітычнае чым якое іншае рашэньне аб пераносе помніка Максіму Багдановічу, прынятае прэзідэнтам, міністэрствам культуры і сёньняшнім кіраўніцтвам горада. Пра брыдкае помслівае жаданьне “схаваць” падалей ад людскіх вачэй памяць пра сапраўды народнага песняра. Пра разгубленасьць і некампетэнтнасьць сёньняшняй улады ў стасунках з пісьменьнікамі, мастакамі, працаўнікамі культуры. Пра нежаданьне і боязь з боку ўладаў улічваць думку людзей, якія фармуюць культуру беларускага народу. Пра першабытны падзел, у культуры на “сваіх” і “чужых”, які культывуецца ўладамі. Пра валюнтарызм ў прыняцьці рашэньняў, што тычаць развіцьця беларускай культуры і залішнюю палітызацыю беларускай культурнай спадчыны.

 

Рашэнне пра перанос помніка Максіму Багдановічу відавочна накіраванае на прымяньшэньне значэньня беларускай культуры, сьвядомую палітыку яе ігнараваньня, абмежаваньня яе значэньня і ўплыву ў народным жыцьці.

 

Ведаючы пра марнасьць нашага закліку, тым ня меньш, мы заклікаем менскія гарадзкія ўлады ды міністэрства культуры вярнуць помнік Максіму Багдановічу на месца! Не чапайце паэта! У вас і без Максіма хапае што будаваць і перастаўляць!

Мы звяртаемся да ўсіх людзей, каму неабыякавая культурная спадчына нашага народу выступіць у абарону памяці Максіма!

 

Дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (1989-1998) Алесь Бяляцкі,

загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзелу музея Максіма Багдановіча (1990-1998) Паліна Сьцепаненка,

загадчык экскурсійна-масавага аддзелу музея Максіма Багдановіча (1991-1998) Тацьцяна Рэвяка,

старэйшы навуковы супрацоўнік музея Максіма Багдановіча (1990-1999) Алена Лапцёнак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства