viasna on patreon

Ужо пачалі даваць суткі за "Чарнобыльскі шлях"

2008 2008-04-15T11:32:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Першамайскім судзе Менску на 14 сутак адміністратыўнага арышту асуджаны незалежны журналіст з Барысава, сябра БАЖ Анатоль Удавічэнка на падставе ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ. Судзьдзя Ала Яшчанка, якая разглядала справу, прызнала яго віноўным у распаўсюдзе налепак з заклікам прыняць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве "Чарнобыльскі шлях".

Яго затрымалі ўчора ў другой палове дня ў Мінску на вул. Казлова і прывезлі ў Першамайскі РУУС, а сёння судзілі. Суддзя Першамайскага раёна Мінска Ала Яшчанка, якая разглядала справу, прызнала журналіста вінаватым ў «парушэнні вызначанага парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства альбо пікетавання» ч.1 арт.23.34 (КаАП).

Паводле пастановы, А. Удавічэнка «14 красавіка…, кіруючыся па вуліцы Казлова, нёс у руках папяровы пакунак, з якога раскідваў і такім чынам распаўсюджваў налепкі з заклікам сабрацца 26 красавіка ў 14.00 каля Акадэміі навук для ўдзелу ў масавым мерапрыемстве „Чарнобыльскі шлях“, правядзенне якога не было дазволена, чым парушаны вызначаны парадак арганізацыі масавага мерапрыемства».

Міліцыянты Шчуркоўскі і Лычкоўскі, якія затрымлівалі А. Удавічэнку і пасля сведчылі супраць яго ў судзе, блыталіся ў паказаннях. Паводле жонкі затрыманага, якая прысутнічала ў судзе, адзін міліцыянт сцвярджаў, што журналіст расклейваў на вуліцы налепкі, а другі — што раскідваў улёткі з заклікам прыняць удзел у акцыі «Чарнобыльскі шлях».

Сам Анатоль Удавічэнка не прызнаў вылучаных супраць яго абвінавачанняў. Цяпер яго ўтрымліваюць у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вул. Акрэсціна ў Мінску.

Намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец разглядае гэты выпадак як прэвентыўнае затрыманне, звязанае з падрыхтоўкай да «Чарнобыльскага шляху». «Да акцыі застаецца менш за 15 сутак. Зразумела, што тыя, каго зараз затрымаюць, не змогуць узяць удзелу ў гэтым мерапрыемстве», — зазначыў юрыст у гутарцы з прэс-службай БАЖ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства