У Светлагорску салдаты адпрацоўваюць "дзеянні пры масавых беспарадках"
Днямі прайшлі вайсковыя вучэнні. Іх сцэнар быў такі: нібыта ў горадзе адбываюцца масавыя беспарадкі.
Салдаты, узброеныя шчытамі і дубінкамі, у бронекамізэльках і касках, пад кіраўніцтвам афіцэраў "адбівалі напад раз'юшанага натоўпу".
Праходзілі вучэнні ў загараднай мясцовасці, задзейнічаны ў іх былі вайскоўцы 5-ай асобнай патрульнай роты Унутраных войск. У сапраўднасці масавых беспарадкаў у Светлагорску раней не было. Чаму менавіта цяпер узнікла пагроза "раз'юшанага натоўпа", мясцовыя ўлады не паведамляюць.
Летась камандуючы Унутранымі войскамі хацеў расфарміраваць роту, якая дыслакуецца ў там. Але тутэйшы райвыканкам настойліва прапрасіў Міністэрства ўнутраных спраў не рабіць гэтага. Актыўным праціўнікам расфарміравання выступіў начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Канстанцін Пятроўскі. Гаворачы пра Светлагорск, ён адзначыў тады, што "ў нас ёсць свае, можа быць, некалькі спецыфічныя праблемы, таму прысутнасць роты на нашай тэрыторыі асабліва важна".
Патруляванне ваенаслужачыя ажыццяўляюць у міліцэйскай форме і з дубінкамі. Але на узбраенні роты маецца і аўтаматычная стралковая зброя, у тым ліку кулямёты і баявыя машыны. У салдат нядаўна прайшлі вучэнні і па затрыманні ў лесе двух тэрарыстаў. Ці мог бы злавіць двух злачынцаў раённы аддзел міліцыі – пытанне застаецца адкрытым, бо там такіх вучэнняў не праводзілі.
Варта адзначыць, што ў краінах, якія паўсталі на шлях стабільнай эканомікі і дэмакратыі – напрыклад, у Чэхіі – унутраных войскаў няма зусім.