viasna on patreon

У Барысаве адбылася акцыя “За чысты горад”

2008 2008-04-11T14:15:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня раніцай у Барысаўскі райвыканкам былі аднесеныя каля двух тысяч подпісаў жыхароў мікрараёну Ватуціна супраць высечкі тамтэйшага сасновага бору. На яго месцы ўлады плянуюць пабудаваць шматкватэрны дом, што пагоршыць і без таго дрэнную экалягічную сытуацыю.

Некалькі дзён таму некалькі дзясяткаў векавых дрэваў абнесьлі будаўнічым плотам. Пазаўчора зранку першыя сем соснаў былі сьпілаваныя. Увечары таго ж дня, калі жыхары вярнуліся з працы, адбыўся несанкцыянаваны сход. Кажа ініцыятар пастаянна дзеючай усегарадзкой кампаніі “За чысты горад”, сябра Партыі БНФ Сяржук Салаш:

“Былі тут ж расклеены абвесткі. Людзі сабраліся, былі вельмі эмацыйныя. Не было ніводнага прадстаўніка міліцыі. Быў заўважаны судзьдзя райсуду Болатаў, увесь час старанна хаваўся ад фотакамэр. Прысутнічалі людзі рознага веку, жанчыны, мужчыны, пэнсіянэры, моладзі некалькі дзесяткаў, падлеткі. Паступіла інфармацыя ад лесьніка, які прысутнічаў на сходзе як прыватная асоба, што пілаваньне соснаў было незаконным...”

Тут жа сабралі першыя 130 подпісаў супраць вырубкі бору. Утварылася таксама ініцыятыўная група па збору подпісаў ды арганізацыі пікетаваньня. Яе ўзначаліла філёляг, 35-гадовая Натальля Баярына. Яна ж апавядае, што адбылося пасьля сходу.

“Хтосьці з тых, хто ня хоча, каб сьпілавалі бор, паламалі плот. Гэта адбылося ціха ўначы. З раніцы прыехалі будаўнікі і ўсё забралі самі. Гэта значыць рэакцыя пайшла, нават ямкі закапалі...”

Спытваю Натальлю, мо й подпісы ўжо ня варта зьбіраць?

“Трэба!” – рашуча адказвае жанчына.

Супакойвацца абаронцам сасновага бору насамрэч яўна не выпадае. Учора я гутарыў з намесьнікам старшыні Барысаўскага райвыканкаму спадаром Шэлягіным.

“Мабыць, кашчунна гучыць з пункту погляду экалёгіі, але калі мы будзем з-за паўтара дзясятка дрэваў выносіць жыльлё на ўскраіну горада, нас ніхто не зразумеюць. Ніхто не зьбіраецца валіць усё цалкам – пад забудову...”

Аднак ініцыятары акцыі супраціву, па словах спадарыні Баярынай, здавацца не плянуюць:

“Гэта адзінае месца з чыстым паветрам, дзе купай растуць сосны. Як сонейка, выходзяць мамы зь дзецьмі, з каляскамі, загараюць, з сабакамі гуляюць. Пэнсіянэры – сталыя сьцежкі пратаптаныя. Настроеныя людзі рашуча. Адзін чалавек прайшоўся – яшчэ 100 подпісаў. Мы людзі, а не адушаўлёныя прадметы. Мы тут жывем і будзем рабіць усё, што ад нас залежыць...”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства