Не канферэнцыя, а прафанацыя
Рэч у тым, што за некалькі дзён да пачатку канферэнцыі з праграмы былі выключаны “няправільныя” удзельнікі – дактары гістарычных навук Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч. Прычынай загаду “не пушчаць” стала актыўная грамадзянская пазіцыя Смаленчука і Краўцэвіча ў абароне старога гораду ад разбурэньня. Іх абураныя калегі, пераважна вядомыя гарадзенскія і мінскія навукоўцы, у знак салідарнасьці і пратэсту адмовіліся браць удзел у такой канферэнцыі. Усяго аб байкоце чытаньняў заявілі 15 гісторыкаў. Насамрэч колькасць праігнараваўшых канферэнцыю ў некалькі разоў большая. Проста адны гісторыкі не паспелі афіцыйна выявіць салідарнасьць і далучыцца да “адмаўленцаў”, а іншыя папросту не прыйшлі выступаць з сваімі дакладамі. У выніку ў першы дзень па неафіцыйных зьвестках у залі не было і паловы заяўленых навукоўцаў, а навуковая канферэнцыя пераўтварылася ў прафанацыю.
Як паведамляюць мясцовыя праваабаронцы, сярод сустаршыняў і сябраў аргкамітэту канферэнцыю фігуруюць такія асобы як Сяргей Дубавец – начальнік ідэалагічнага аддзелу Гарадзенскага гарвыканкаму, Эдмунд Ярмусік – дэкан факультэту гісторыі і сацыялогіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, Іван Крэнь – загадчык кафедрай гісторыі Беларусі той жа ўстановы. Гарадзенская наменклатура сваім падзелам гісторыкаў на “чэсных” і “нячэсных” чарговы раз зганібілася перад навуковай грамадскасцю Беларусі і суседніх краін.