viasna on patreon

Прадпрыемствы «Саюздруку» ігнаруюць недзяржаўную прэсу нават на ўзроўні перапіскі

2008 2008-04-09T13:16:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

РУП «Брэстаблсаюздрук» адмаўляецца адказваць на запыты рэдакцый аб распаўсюдзе незалежных выданняў праз сетку сваіх кіёскаў. Усе звароты датычна супрацоўніцтва з недзяржаўнай прэсай «Брэстаблсаюздрук» цяпер разглядае не як звароты юрыдычных асобаў, а як дзелавую перапіску.

ТАА «Выдавецкі дом „Інтэкс-прэс“, які з’яўляецца выдаўцом газет „Intex-press“ , „Ганцавіцкі час“, „Ляхавіцкі час“, звярнулася 19 кастрычніка 2007 г. да дырэктара РУП „Брэстаблсаюздрук“ з просьбай заключыць на 2008 год дамовы аб распаўсюдзе сваіх газет праз кіёскі прадпрыемства. Аднак адказу не паступіла.

Выдавецкі дом палічыў, што кіраўніцтва „Брэстаблсаюздруку“ груба парушыла дзейнае заканадаўства, а менавіта — прэзідэнцкі ўказ ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 „Аб дадатковых захадах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў“.

У пачатку сакавіка г.г. Выдавецкі дом звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі са скаргай на парушэнне тэрмінаў разгляду звароту і з просьбай прыспешыць абласное прадпрыемства „Саюздруку“ з падрыхтоўкай адказу.

Скарга сапраўды паўздзейнічала — праз пяць месяцаў пасля запыту Выдавецкі дом атрымаў доўгачаканы, але маласуцяшальны адказ. У лісце дырэктара „Брэстаблсаюздруку“ Васіля Марэйкі ад 19 сакавіка сцвярджалася, што прапанова выдаўцоў разглядаецца „як частка дзелавой перапіскі“ — як і сотні іншых прапаноў па пастаўцы тавараў для рэалізацыі, удзелу ў тэндэрных закупках і г.д. — і таму, маўляў, не мае дачынення да прэзідэнцкага ўказу.

Васіль Марэйка падкрэсліў таксама, што сетка „Брэстаблсаюздруку“ мае „больш выгадныя камерцыйныя прапановы“, „перагружана“ выданнямі, і таму дамовы на рэалізацыю друкаванай прадукцыі Выдавецкага дома „Інтэкс-прэс“ на 2008 год заключаць не будзе.

Дырэктар Выдавецкага дома Уладзімір Янукевіч лічыць, што гаспадарчыя інтарэсы — толькі нагода для таго, каб пазбавіць недзяржаўныя выданні зручнага каналу распаўсюду.

„Мне вядома, што продаж газеты „Intex-press“ быў гэтаму прадпрыемству выгадны. У Баранавічах праз кіёскі „Саюздруку“ прадавалася некалькі тысяч асобнікаў „Intex-press“ — больш, чым любых іншых выданняў, у тым ліку  „Комсомольскай правды“ в Белоруссии“. Так што адмова ад распаўсюду нашай газеты кіёскамі РУП „Брэстаблсаюздрук“ менш за ўсё можна растлумачыць камерцыйнымі інтарэсамі. Не маючы магчымасці даць нам уцямны адказ, „Брэстаблсаюздрук“ не знайшоў нічога лепшага, як проста адмовіцца ад перапіскі з намі», — сказаў службе маніторынгу ГА «БАЖ» Уладзімір Янукевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства