Гомельскі сябра БАЖ патрабуе, каб КДБ пакінула яго ў спакоі
Грамадскі актывіст, юрыдычны дарадца Гомельскай гарадской арганізацыі БАЖ Леанід Судаленка 7 красавіка накіраваў начальніку ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці заяву пра адмову супрацоўнічаць з органамі дзяржбяспекі.
Паводле заявы, 3 красавіка ў будынку адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля невядомы, які назваўся начальнікам аддзелу абароны канстытуцыйнага ладу УКДБ, настойліва прапаноўваў сп-ру Судаленку супрацоўніцтва з «органамі».
Падчас гутаркі, якая, па словах юрыста, вялася ва ўльтыматыўнай форме, «начальнік аддзелу» неаднаразова згадваў сям’ю грамадскага актывіста.
«Усё, што будзе адбывацца ў будучым са мною і маей сям’ёй, я буду расцэньваць як наступствы адмовы ў супрацоўніцтве», — гаворыцца ў заяве Леаніда Судаленкі на імя начальніка УКДБ. Ён просіць таксама не дапускаць у будучым у дачыненні да яго і яго сям’і падобных гутарак.