У Гомелі Вольгу Сузько і Канстанціна Лесунова двойчы пакаралі за ўлёткі пра перамогу на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне Віктара Юшчанкі.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
17 лютага напрыканцы дня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Віталь Козыраў аштрафаваў іх за раздачу ўлётак ад імя незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі. Гэта ўжо другое пакараньне маладых гамельчукоў.
Прадметам разьбіральніцтва ў судзе сёньня былі міліцэйскія пратаколы, складзеныя ў дачыненьні Вольгі Сузько і Канстанціна Лесунова яшчэ 23 студзеня.
У той дзень на Прудкоўскім рынку невядомыя маладыя людзі сапраўды раздавалі ўлёткі ад імя незарэгістраванага руху “Лімон” з нагоды інаўгурацыі прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. Ва ўлётках у гумарыстычнай форме ўхвалялася таксама кіраваньне Аляксандра Лукашэнкі.
Міліцыянт у цывільным згледзеў, што ўлеткі былі ў руках Вольгі і Канстанціна і затрымаў іх.
2 лютага адміністрацыйная камісія Чыгуначнага раёну на падставе аналягічных міліцэйскіх пратаколаў аштрафавала спадароў Лесунова і Сузько на 50 тысяч рублёў кожнага за распаўсюд улётак без выходных зьвестак, зьмест якіх нібыта наносіць урон дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку.
Гэтым разам у судзе за тыя ж самыя ўлёткі маладых людзей абвінавацілі яшчэ і ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванага маладзёвага руху “Лімон”. А дзейнасьць гэта выявілася зноў-такі ў распаўсюдзе ўлётак на тым жа Прудкоўскім рынку.
Пра гэта гаварылі ў судзе і Вольга, і Канстанцін. Адвакатка маладых людзей Алена Старакожава прасіла нават, каб суд запатрабаваў рашэньні адміністрацыйнай камісіі Чыгуначнага раёну пра пакараньне штрафам маладых людзей. Аднак судзьдзя Віталь Козыраў палічыў хадайніцтва неабгрунтаваным і ў сваю чаргу аштрафаваў Вольгу і Канстанціна на 240 тысячаў рублёў кожнага