viasna on patreon

Адмова райвыканкаму на правядзеньне сустрэчы з Мілінкевічам – парушэньне закону

2008 2008-04-08T14:52:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Мазырскага раёну не знайшла парушэньняў Закону “Аб масавых мерапрыемствах ў Рэспубліцы Беларусь” у дзеяньнях Мазырскага райвыканкаму, які адмовіў мясцовым жыхарам у правядзеньні сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам.

Група грамадзянаў падавала заяўку ў Мазырскі райвыканкам на правядзеньне сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам, якая мелася адбыцца 29 сакавіка ў ДК “Усходні” ці ДК “Будаўнік”. 21-га сакавіка мясцовыя ўлады адмовілі ў правядзеньні мерапрыемства, спрасылаючыся на тое, што ў ДК “Усходні” праводзіцца рамонт, а ў ДК “Будаўнік” на гэты час прызначаны конкурс спартова-бальных танцаў. У сувязі з гэтым праваабаронца Уладзімер Целяпун зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру на парушэньне Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.    

Як вынікае з пісьмовага адказу ад 1 красавіка, пракурор Мазырскага раёну Броўка В.В. лічыць адмову цалкам абгрунтаванай, а занятыя ў заяўлены час будынкі дастатковай падставай для забароны мерапрыемства. Іншыя ж месцы правядзеньня, адзначае пракурор, не былі заяўленыя.

Аднак, згодна з арт. 9 Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, кіраўнік мясцовага выканаўчага органу ці ягоны намесьнік пры разглядзе заяваў з мэтай забесьпячэньня правоў і свабод грамадзянаў, грамадзкай бясьпекі, а таксама нармальнага функцыянаваньня транспарту і арганізацыяў маюць права, узгадніўшы з арганізатарам масавага мерапрыемства, зьмяніць дату, месца і час яго правядзеньня. 

“Адмова райвыканкаму на правядзеньне сустрэчы з Мілінкевічам са спасылкай на тое, што заяўленыя месцы занятыя ў гэты час, а іншыя не ўказваліся, зьяўляецца неабгрунтаванай, – гаворыць юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Мясцовыя  ўлады мусілі прызначыць другое месца. Такім чынам, яны выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў і забаранілі правядзеньне мерапрыемства ўвогуле, не кажучы ўжо аб парушэньні міжнародных нормаў, у прыватнасьці Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах”. 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства