Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, сакавік 2008 году
Асноўнай падзеяй сакавіка на Беларусі было 90-годзьдзе абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і традыцыйнае сьвяткаваньне Дня Волі. Інфармацыйная падрыхтоўка да адзначэньня сьвята Незалежнасьці пачалася задоўга і была наймагутнейшай за ўсе апошнія гады. Яшчэ 6 лютага была пададзеная заяўка ў Менгарвыканкам на правядзеньне шэсьця і ўрачысты мітынг. Заяўнікамі выступілі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч і старшыня аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная Грамада) Мікола Статкевіч. Планавалася, што ўдзельнікі акцыі зьбяруцца на плошчы Якуба Коласа перад будынкам Белдзяржфілармоніі, пройдуць па прасьпекце Незалежнасьці да вуліцы Валадарскага, а пасьля – па вуліцах Гарадзкі Вал, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы да скверу Янкі Купалы, дзе адбудзецца мітынг. Аднак, як звычайна, гарадзкія ўлады не дазволілі шэсьце па абраным маршруце і прапанавалі свій маршрут – ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Арганізатары акцыі ад яго адмовіліся і заклікалі сваіх прыхільнікаў падчас маршу наведаць шэраг гістарычных месцаў гораду. 25 сакавіка Міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў заявіў, што ў такім выпадку праваахоўныя органы будуць перарываць акцыю апазіцыі, будзе задзейнічана больш сілаў і сродкаў.
Акрамя шэсьця ў гонар 90-годзьдзя абвяшчэньня БНР зьявілася новая форма мабілізацыі – напісаньне агульнабеларускай дыктоўкі, мэта якой – павысіць статус беларускай мовы ў грамадзстве. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел палітычныя і культурныя дзеячы, старшыні і актывісты недзяржаўных арганізацыяў, амбасадары розных краінаў, а таксама ўсе жадаючыя жыхары краіны.
Напярэдадні Дня Волі ў розных раёнах Віцебску легендарны Мірон вывесіў пяць бел-чырвона-белых сьцягоў ў рамках акцыі «Бел-чырвона-белы марафон», прысьвечаны 90-годзьдзю з дня заснаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Да сьцягоў былі прымацаваныя цыдулкі з прысьвячэньнямі: цяперашняй старшыні Рады БНР Івонцы Сурвілле, Ларысе Геніюш, якая да апошніх дзён лічыла сябе грамадзянкаю БНР, адмовіўшыся ад савецкага грамадзянства. Таксама сьцягі прысьвячаліся палітычнай дзяячцы БНР Палуце Бадуновай і выдатнаму мовазнаўцу, аўтару “Практычнай граматыкі беларускай мовы” Язэпу Лёсіку. Былі ўшанаваныя сьцягам і амбасадары, акрэдытаваныя ў Беларусі, якія выявілі жаданьне ўдзельнічаць у агульнанацыянальнай дыктоўцы. З пачатку году ў Віцебску былі вывешаныя 18 бел-чырвона-белых сьцягоў з запіскамі ад Мірона. Сьцягі віселі ў сярэднім каля гадзіны, пакуль іх заўважылі супрацоўнікі міліцыі. Здымаць сьцягі даводзілася з дапамогаю супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацый.
З 25 па 30 сакавіка ў інтэрнеце працаваў запланаваны агульнаграмадзкі форум "За Незалежнасьць", у якім закраналіся пытаньні "Дзяржаўна-палітычных асьпектаў беларускай незалежнасьці", "Культурна-моўных гарантыяў беларускай нацыянальнай тоеснасьці" і "Эканамічныя падваліны і персьпектывы беларускай незалежнай дзяржаўнасьці". Удзел у дыскусіі бралі як вядомыя эксьперты – палітолагі, філосафы, юрысты, мовазнаўцы, мастацтвазнаўцы, эканамісты, так і аматары.
90-годзьдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі было адзначана і міжнароднай супольнасьцю. 10–13 сакавіка ў Страсбургу ў рамках чарговай сесіі Еўрапарламента прайшлі мерапрыемствы пад назвай «Беларускі тыдзень». Як паведамілі ў офісе ініцыятара гэтага праекту, кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларусьсю, польскага дэпутата Яцка Пратасевіча запланаваныя дыскусіі і сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці, іх прэс-канферэнцыя, а таксама абмен думкамі па тэме «Незалежная Беларусь – неад'емная частка Еўропы». «Беларускі тыдзень» арганізавала найбуйнейшая фракцыя Еўрапарламенту — фракцыя Еўрапейскай народнай партыі – Еўрапейскіх дэмакратаў.
Як і абяцаў кіраўнік МУС, 25 сакавіка ў Дзень Волі сталічныя ўдзельнікі сьвяточнай дэманстрацыі былі атакаваныя прадстаўнікамі спецпадразьдзяленьняў. Супраць мірных грамадзянаў была ўжытая грубая фізычная сіла і спецсродкі. У выніку дзесяткі чалавек былі зьбітыя, больш за сотню ўдзельнікаў затрыманыя, сярод якіх былі непаўнагадовыя, журналісты шэрагу нацыянальных незалежных і замежных СМІ, замежныя грамадзяне. Затрымлівалі і актывістаў у рэгіёнах, перашкаджалі выезду ў Менск. 26 сакавіка пачаліся судовыя разгляды адміністратыўных справаў затрыманых удзельнікаў акцыі. Паводле складзеных міліцыянтамі пратаколаў іх абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, у выніку чаго толькі ў сталіцы за кратамі апынуліся 26 чалавек, каля 50 аштрафаваныя. Пра жорсткі разгон акцыі ў Менску паведамілі ўсе буйныя тэлеканалы, радыёстанцыі і выданьні. Так, тэлеканал «Еўраньюс» паказаў кадры разгону мірнага шэсьця і нагадаў пра сітуацыю з Аляксандрам Казуліным. Фотакарэспандэнт Андрэй Лянкевіч заўжды быў за кадрам — цяпер ягоны твар зрабіўся вядомы ўсяму сьвету (як, дарэчы, і аблічча амапаўца, які яго затрымліваў).
Усьлед за масавымі арыштамі ўлады пачалі татальны наступ на незалежныя СМІ. Цягам дня 27 сакавіка ад раніцы ў Менску, а таксама ў шэрагу гарадоў па ўсёй Беларусі адбыліся ператрусы. Іх праводзілі супрацоўнікі КДБ, якія мелі пракурорскую санкцыю на ператрус у рамках крымінальнай справы, распачатай у 2005 годзе за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, у памяшканьнях “Радыё Рацыя”, “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, тэлекампаніі “Белсат”, а таксама ў прыватных кватэрах журналістаў і ў офісах грамадзкіх аб’яднаньняў. У выніку ў рэдакцыях канфіскаваныя кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі. Паводле сьледчых, тэхніку будуць правяраць на наяўнасьць прыкметаў стварэньня і распаўсюду мультфільмаў палітычнага зьместу.
БАЖ зьвярнуўся да ўсіх міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацыяў, кіраўнікоў еўрапейскіх інстытутаў з прозьбай выступіць з патрабаваньнем да беларускіх уладаў – спыніць гэтую беспрэцэдэнтную акцыю перасьледу незалежных журналістаў. Па словах старшыні арганізацыі Жанны Літвіной, гэтая маштабная акцыя КДБ ськіраваная ў першую чаргу на тое, каб выставіць бар’еры на шляхах распаўсюду інфармацыі і нагнаць страху на журналістаў. “Безумоўна, акцыя спланаваная і, магчыма, выкліканая яна нейкай эмацыйнай рэакцыяй на асьвятленьне ў СМІ падзей 25 сакавіка. Відаць, журналісты, якія сёньня падвяргаюцца рэпрэсіям, найбольш прафесійна асьвятлялі Дзень Волі», - лічыць старшыня БАЖ.
- Палітычна матываваныя крымінальныя справы
4 сакавіка ў Менску арыштаваны лідэр віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч і зьмешчаны ў СІЗА на вул. Валадарскага. 13 сакавіка яму прад’явілі абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па арт. 364 КК РБ – “Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі”. За ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 21 студзеня Сяргей Парсюкевіч быў пакараны 15-суткавым арыштам, падчас адбыцьця якога на Акрэсьціна быў зьбіты ахоўнікам. Каб пазьбегнуць адказьнасьці за перавышэньне службовых паўнамоцтваў, міліцыянт Аляксандар Дулуб абвінаваціў прадпрымальніка ў зьбіцьці і заявіў, што менавіта ён зьяўляецца “пацярпелым”. 14 сакавіка суд Маскоўскага раёну сталіцы разгледзеў скаргу аб замене меры стрыманьня актывіста і пакінуў яе без задавальненьня. З-за недахопу лекаў у Сяргея Парсюкевіча пачаліся праблемы са здароўем – абвастрылася астма.
Крымінальная справа супраць Сяргея Парсюкевіча была ўзбуджаная 31 студзеня. У канцы сакавіка пракуратура перадала яе ў суд Маскоўскага раёну Менску.
4 сакавіка крымінальную справу Андрэя Кіма перадалі ў Цэнтральны суд сталіцы, пачатак разгляду прызначаны на 1 красавіка. Справу будзе весьці судзьдзя Алена Ільіна. Актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Ініцыятыва», які быў затрыманыў Менску падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня і пакараны 10-суткавым адміністратыўным арыштам, абвінавачаваюць паводле арт. 364 КК – «Гвалт, альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі». Паводле гэтага артыкулу хлопцу пагражае да шасьці гадоў турмы. З Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў Андрэй Кім быў дастаўлены ў пракуратуру, дзе атрымаў статус падазраванага, а пасьля зьмешчаны ў СІЗА на Валадарскага. Таксама актывісту прад’яўлена яшчэ адно абвінавачаньне ў крыміальным злачынстве па ч.1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх” за мітынг прадпрымальнікаў 10-га студзеня.
10-га сакавіка з удзелам пачалася эстафэтная галадоўка за вызваленьне палітвязьня Аляксандра Казуліна. Дзяржаўныя медыі замоўчваюць факт галадоўкі, ніяк не рэагуюць на яе і афіцыйныя асобы. Аляксандр Казулін знаходзіцца за кратамі ўжо два гады.
13 сакавіка дачка палітвязьня Казуліна Юлія падала прашэньне аб зьмякчэньні пакараньня зьняволенаму палітыку (замене яго грамадзкімі ці выпраўленчымі працамі), аднак Аляксандру Казліну ў гэтым паўторна было адмоўлена на падставе наяўнасьці ў сп.Казуліна парушэнняў рэжыму ў калоніі. У сакавіку нямецкая філія праваабарончай арганізацыі „Міжнародная амністыя” праводзіла акцыі салідарнасьці з палітвязьнем Аляксандрам Казуліным. Арганізацыя заклікала ўсіх, каму неабыякавы ягоны лёс, ад 25 да 28 сакавіка перавесьці на рахунак беларускай амбасады ў Берліне альбо Боне 1 цэнт з пазначэньнем “Свабоду Казуліну”. Таксама 25 сакавіка „Міжнародная амністыя” правяла пікет перад будынкам беларускай дыпмісіі ў нямецкай сталіцы.
26 сакавіка судзьдзя Ленінскага раённага суду Горадні Дзьмітры Кобрынец прызнаў 23‑гадовага Аляксея Сарнова віноўным па арт.341 КК РБ – “Псаваньне маёмасьці” і аштрафаваў на 35 базавых велічынь (1 мільён 225 тысяч рублёў). Крымінальная справа па факту нанясеньня надпісу “Вярніце льготы” на сьценах дамоў была распачатая яшчэ 17 сьнежня мінулага году, калі ў затрыманага ўначы хлопца ў заплечніку міліцыянты знайшлі балончыкі з фарбай.
27 сакавіка крымінальную справу, якую распачала пракуратура супраць удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня, перадалі ў суд Цэнтральнага раёну Менску. 14 чалавек (Андрэй Кім, Тацяна Цішкевіч, Міхаіл Субач, Алесь Чарнышоў, Алесь Стральцоў, Міхаіл Пашкевіч, Павал Вінаградаў, Аляксей Бондар, Аляксандар Барадзенка, Максім Дашук, Уладзімер Сяргееў, Міхась Крываў, Антон Койпіш і непаўнагадовы Арцём Дубскі) абвінавачваюцца па ч.1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх”. Паводле гэтага артыкулу прадугледжваецца пакараньне ад штрафу да трох гадоў пазбаўленьня волі.
27 сакавіка ў Полацкім гарадзкім судзе павінен быў пачацца судовы працэс над моладзевай актывісткай Кацярынай Салаўёвай, адлічанай у студзені 2008 году з 2 курсу гісторыка-філалагічнага факультэту Полацкага дзяржаўнага універсітэту. У канцы лютага ёй прад’явілі афіцыйнае абвінавачаньне па крымінальным артыкуле 193.1 КК РБ за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" і перадалі матэрыялы справы ў суд. Моладзевай актывістцы пагражае пакараньне ў выглядзе штрафу, арышту тэрмінам да 6 –ці месяцаў ці пазбаўленьне волі да двух гадоў. У сувязі з тым, што 25 сакавіка Кася Салаўёва была затрыманая за ўдзел у ствяткаваньні Дня Волі і пакараная адміністратыўным арыштам на 5 сутак, судовае паседжаньне перанесенае на 8 красавіка.
- Катаваньні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня
У выніку сілавога разгону мірных дэманстрантаў ў Дзень Волі больш за 20 чалавек атрымалі траўмы рознай цяжкасьці, двое затрыманых – Грышчэня Яраслаў і Карэтнікаў Юрась былі шпіталізаваныя. Пры выкананьні сваіх прафесійных абавязкаў быў зьбіты фотажурналіст незалежнага выданьня “Наша Ніва” Андрэй Лянкевіч.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» выступіла з адмысловай заявай з нагоды падзеяў 25 сакавіка ў Менску, у якой асудзіла празьмернае прымяненьне сілы» ў дачыненьні да ўдзельнікаў мірнай маніфэстацыі ў гонар 90‑х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Паводле сьведкаў падзеяў — праваабаронцаў і журналістаў — міліцыянты зьбівалі людзей дубінкамі і нагамі, былі арыштаваныя больш як 100 чалавек, 76 з іх былі асуджаныя. Быў зьбіты і затрыманы журналіст газэты «Наша Ніва» Андрэй Лянкевіч, зьбітыя два літоўскія тэлевізійныя журналісты. «Amnesty International» запатрабавала неадкладна вызваліць усіх, хто быў пазбаўлены волі за мірнае выяўленьне сваіх поглядаў. Таксама «Amnesty International» заклікала ўлады Беларусі выконваць свае абавязкі ў межах міжнароднага права, у тым ліку ў адпаведнасьці з артыкуламі 19, 21 і 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе права на свабоду выяўленьня меркаваньняў, сходаў і аб’яднаньняў. «Amnesty International» заклікае афіцыйны Менск неадкладна спыніць перашкоды, ціск і запалохваньні ў дачыненьні да актывістаў грамадзянскай супольнасьці, якія займаюцца абаронай правоў чалавека.
- Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў
23 сакавіка ў жодзінскім гарадзкім парку каля помніка “Героі жывуць вечна” сабраліся каля паўсотні чалавек, якія ўсклалі кветкі і запусьцілі ў неба белыя і чырвоныя паветраныя шарыкі. На наступны дзень ў Жодзінскім гарадзкім судзе разглядаліся адміністрацыйныя справы арганізатараў акцыі Паўла Красоўскага, Юрася Жылку, Аляксандра Камароўскага і Юрыя Сілкіна, якіх абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і пакаралі арыштам на сем сутак кожнага.
24 сакавіка вечарам у майстэрні кіраўніка творчай суполкі “Пагоня” Аляксея Марачкіна быў праведзены незаконны ператрус. Міліцыянты канфіскавалі плакаты, сьцягі, расьцяжкі, прысьвечаныя сьвяткаваньню Дня волі. Сам мастак і прысутны ў майстэрні моладзевы актывіст Аляксей Кашкароў былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС, дзе на іх склалі адміністратыўныя пратаколы па арт. 17.1 КаАП – дробнае хуліганства, а затым адвезьлі на Акрэсьціна. Абодвух суд пакараў адміністратыўным арыштам на 5 сутак нібыта за нецэнзурную лаянку каля Цэнтральнага РУУСу Менску.
26 сакавіка ў судах Савецкага, Завадзкога, Маскоўскага і Партызанскага раёнаў Менску адбыліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка. Усяго разглядалася каля 75 адміністратыўных справаў, 26 з іх завяршыліся арыштамі тэрмінам ад 5 да 15 сутак. Справы непаўнагадовых адпраўленыя на адміністратыўныя камісіі выканкамаў.
25 сакавіка ў Віцебску затрымалі актывістаў КХП-БНФ Яна Талпыгу і Алеся Пазьняка, Барыса Хамайду, Алену Залескую, Антаніну Піванос. Першых двух пакаралі адміністратыўным арыштам тэрмінам на 8 сутак кожнага, Алена Залеская пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічыняў, Антаніна Піванос аштрафаваная на 2 б.в., суд па Барысу Хамайдзе перанесены на 1 красавіка.
25 сакавіка падчас мірнага ўскладаньня кветак да “Крыжа пакут” у цэнтры Баранавічаў былі затрыманыя мясцовыя прадстаўнікі грамадзкасьці. 14 чалавек былі дастаўленыя ў міліцэйскі пастарунак, пасьля 2 непаўнагадовых былі адпушчаныя. Інваліду 2-й групы з дзяцінства Шчарбакову Алесю стала вельмі дрэна, была выкліканая “хуткая дапамога”, якая прыехала толькі праз гадзіну. У выніку актывіста шпіталізавалі. 26 сакавіка прайшлі суды над затрыманымі, усе былі пакараныя штрафамі ў памеры ад 5 да 15 базавых велічыняў па арт. 23.34 КаАП –“Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў”.
- Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі
24 сакавіка Ленінскі суд Менску прызнаў дэмакратычных актывістак Марыю Аліеву і Алену Напорка віноўнымі па ч.1 арт.23.34 КаАП РБ (“Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў”) і пакараў грашовым штрафам памерам у 10 базавых велічынь кожную. Жанчыны былі затрыманыя 22 сакавіка за распаўсюд газэты “Вольная Серабранка”, у якой зьмяшчалася інфармацыя пра запланаванае шэсьце на Дзень Волі. Пасьля затрыманьня да суду сп. Аліева і Напорка два дні правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.
Недзяржаўная газета «Новы час» атрымала адразу два папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі, падпісаныя 25 сакавіка намесьніцай міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч. Галоўны рэдактар выданьня Аляксей Кароль лічыць, што прэтэнзіі міністэрства надуманыя, бо «не было больш за што чапляцца». Ён паведаміў таксама, што найбліжэйшым часам зьбіраецца абскарджваць санкцыі Міністэрства.
27 сакавіка грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» зьвярнулася да генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Рыгора Васілевіча з прозьбай «зрабіць усе прадугледжаныя законам захады», каб спыніць масавыя ператрусы ў кватэрах журналістаў і офісах недзяржаўных СМІ, а таксама перасьлед журналістаў супрацоўнікамі праваахоўных органаў. У заяве, якую ГА «БАЖ» тэрмінова накіравала ў пракуратуру краіны, прыводзяцца факты ператрусаў, якія 27 сакавіка адбыліся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Арганізацыя асабліва зьвяртае ўвагу генпракурора на тое, што з кватэраў журналістаў забралі аргтэхніку, аўдыё і відэаапаратуру, друкаваную прадукцыю, а некаторым журналістам да таго ж уручылі позвы ў КДБ.
- Парушэньні права на свабоду сумленьня
6 сакавіка ў судзе горада Жодзіна адбыўся суд па адміністратыўным матэрыяле начальніка Жодзінскага ГАЎС Шляхціна В.М. на адміністратара-пастара Царквы Хрысьціянаў Веры Евангельскай “Царква Сьвятой Тройцы” Валянціна Лугоўскага. Яму прысудзілі штраф у памеры 5 базавых велічынь (175 тыс. руб.) за правядзеньне несанкцыянаванага набажэнства.
Канстытуцыйны суд Беларусі адмовіўся разглядаць прапановы зьменаў у рэлігійным заканадаўстве краіны, пад якімі падпісаліся больш за 50 тысячаў беларусаў. У адказе суду падкрэсьлена, што грамадзяне ня могуць уносіць прапановы ў Канстытуцыйны суд, гэта кампетэнцыя дзяржаўных органаў, ураду альбо прэзідэнта краіны. Каардынатар кампаніі ў абарону права на свабоду сумленьня Сяргей Луканін кажа, што вернікі прасілі Канстытуцыйны суд па сваёй ініцыятыве накіраваць зварот у Палату прадстаўнікоў, бо заканадаўства нашай краіны дазваляе Канстытуцыйнаму суду разглядаць кожны закон па ўласнай ініцыятыве. “Нажаль, нам адмовілі. Больш за тое, я лічу, што наш зварот праігнаравалі. Адказ быў падпісаны нават не судзьдзёй, а намесьнікам сакратара,” – зазначыў Сяргей Луканін.
24 сакавіка пракуратура Менску склала адміністратыўны пратакол на пратэстанцкага пастара царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнку за арганізацыю збору подпісаў грамадзянаў за ўнясеньне зьменаў у рэлігійнае заканадаўства. Пратакол накіраваны ў суд.
- Парушэньні права на свободу мірных сходаў
11-12 сакавіка ў Савецкім судзе Менску адбываўся разгляд іску арганізацыі “Гаррэмаўтадор” да арганізатараў “Еўрапейскага маршу”, які прайшоў у Менску 14 кастрычніка мінулага году. Заяўнікоў акцыі Анатоля Лябедзьку, Віктара Івашкевіча, Вінцука Вячорку, Аляксандра Мілінкевіча, Яўгена Афнагеля і Зьмітра Хведарука абвінавацілі ў тым, што ў выніку адхіленьня ад вызначанага гарадзкімі ўладамі маршруту (замест шэсьця ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор пачалі марш ад Кастрычніцкай плошчы) падчас руху калоны дэманстранты засьмецілі сталічныя вуліцы. Першапачаткова дзяржпрадпрыемства Менгарвыканкаму ацаніла дадатковыя выдаткі, патрачаныя на прыборку вуліц сталіцы, у 2 мільёны 135 тысяч 974 рублі. Аднак на судзе высветлілася, што яшчэ некалькі прадпрыемстваў Менску таксама выставілі іскі арганізатарам Еўрапейскага маршу. Напрыклад, ЖРЭА Центральнага раёну патрабуе 673 870 рублёў за шкоду, нанесеную жылым дамам і дваравым тэрыторыям; ЖРЭА Савецкага раёну – 951 088 за шкоду жылым дамам, фасадам і дошкам аб’яў; ЖРЭА Ленінскага раёну – 239 697 рублёў за пашкоджаную невядома калі водасьцёкавую трубу на жылым доме № 22 па прасьпекце Незалежнасьці; УП “Менскзелянбуд” – 1 433 798 за матэрыяльную шкоду (патаптаньне засохлага восеньскага газону, паламанае дрэўца ля Сьвіслачы і пашкуматанае кустоўе) і г.д. Такім чынам, сума кампенсацыі выдаткаў дасягнула 10 мільёнаў рублёў. “Гэты іск у чарговы раз дэманструе пагардлівыя адносіны беларускіх уладаў да правоў сваіх грамадзянаў і не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека,” - адзначыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
- Дзейнасьць спецслужбаў
19 сакавіка на працу да маці Ігара Міхалеўскага, старшыні Рэчыцкай суполкі Моладзі БНФ, прыходзіў супрацоўнік КДБ, які пагражаў жанчыне штрафамі ў дачыненьні да сына і нават пакараньнямі ў выглядзе адміністратыўнага арышту, калі хлопец ня спыніць сваю дзейнасьць. Супрацоўнік КДБ паведаміў, што Ігар зладзіў мiтынг падчас сустрэчы з былым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам. Асабліва "візіцёр" зьвярнуў увагу маці на акцыю 25 сакавіка і папярэдзіў, што яе сыну лепей ня ехаць на яе ў Менск.
- Звальненьні па палітычных матывах
Актрыс Ганну Саламянскую звольнілі з Рускага тэатра, а Марыю Юрэвіч – з тэатра Беларускай Арміі пасьля гастроляў “Свабоднага тэатра” ў Лондане. Да таго ж, Марыя Юрэвіч працавала па разьмеркаваньні, і цяпер яна вымушаная будзе аддаваць дзяржаве грошы за тое, што не адпрацавала поўныя два гады. Кіраўнік “Свабоднага тэатра” звярнуўся да брытанскіх акцёраў, і шмат хто з іх пагадзіўся дапамагчы “выкупіць” беларускую актрысу.
- Праявы нацыянальнай, расавай і релігійнай варожасьці
12 сакавіка невядомыя зьнішчылі больш за 30 крыжоў, устаноўленых грамадзкасцю на тэрыторыі гісторыка‑культурнай каштоўнасьці I катэгорыі «Месца зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930—1940‑х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», унесенай у Дзяржаўны сьпіс гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Паводле словаў старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антона Астаповіча, 27 сакавіка ў офіс аб’яднаньня прыйшоў ліст, датаваны 20 сакавіка, за подпісам памочніка пракурора Мінскага раёну Сьвятланы Пастуховай, у якім паведамляецца, што па факце пашкоджаньня драўляных крыжоў Бараўлянскім аддзелам міліцыі Мінскага РУУС распачата крымінальная справа на падставе арт. 339, ч. 1 КК РБ (хуліганства). Старшыня таварыства зьвярнуў увагу на тую акалічнасьць, што праваахоўныя органы ўпершыню распачалі крымінальную справу па факце вандалізму ў Курапатах.