viasna on patreon

Ідэолагі правяраюць асартымент перыядычных выданьняў у раздробным гандлі

2005 2005-02-15T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да 15-га лютага ўсе юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць перыядычнымі выданнямі, павінныя падаць у раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты для ўзгаднення падрабязныя звесткі пра ўсе СМІ, якія яны прадаюць. Прадпісанне не тычыцца толькі унітарных прадпрыемстваў абласных прадпрыемстваў "Белсаюдруку" і "Белпошты".

У прыватнасці, пра гэта гаворыцца ў рашэнні Мінскага аблвыканкама ад 13-га снежня мінулага года. Паводле гэтага дакумента, прадпрымальнікі (арганізацыі), якія ажыццяўляць раздробны гандаль перыёдыкай, павінныя падаць у ідэалагічны аддзел аблвыканкама не толькі падрабязныя звесткі пра сябе, але і адмысловае "прылажэнне да асартыментнага пераліку", указаўшы ў ім від, назву і тэматыку выдання, дзяржаву яго рэгістрацыі, дату і нумар пасведчання аб рэгістрацыі (і кім яно выдадзена), дату і нумар дамовы на распаўсюд, а для замежных выданняў (акрамя расійскіх) - дату і нумар дазволу Міністэрства інфармацыі на распаўсюд на тэрыторыі РБ.

Прыкладна ў гэты ж час такія распараджэнні выпусцілі структуры мясцовай вертыкалі ў іншых рэгіёнах. Да прыкладу, Глыбокскі райвыканкам падпісаў яго 28-га снежня.

Юрысты БАЖ апасаюцца, што гэта можа прывесці да істотнага скарачэння колькасці распаўсюднікаў недзяржаўнай прэсы. "Калі раней прадпрымальнік павінен быў адказваць толькі за наяўнасць у продажы пэўнага асартыментнага мінімуму тавараў, то цяпер кантроль над тымі, хто прадае прэсу, робіцца значна больш жорсткім, - лічыць намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. - Цяпер ідэалагічная вертыкаль хоча дакладна ведаць, хто якімі газетамі гандлюе... Не атрымаўшы ўзгаднення "Прылажэння да асартыментнага пераліку" перыядычных выданняў, прадпрымальнікі цяпер не змогуць атрымаць дазволу на гандаль. Таму шмат хто з іх можа адмовіцца ад продажу перыёдыкі ўвогуле".

Акрамя гэтага, некаторыя прадпрымальнікі і арганізацыі апасаюцца, што іх могуць абавязаць уключыць у асартыментны пералік "Советскую Белоруссию" і іншыя дзяржаўныя выданні, якія былі ў ліку "абавязковых" падчас апошняй падпісной кампаніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства