viasna on patreon

Акцыя з нагоды Дня сьвятога Валянціна ў Менску была разагнаная

2005 2005-02-15T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывісты “Маладога фронту” ды іншых дэмакратычных моладзевых аб’яднаньняў арганізавалі 14 лютага на Кастрычніцкай плошчы Менску акцыю-пэрфоманс “Сэрца Эўропы” прысьвечанаю дню сьвятога Валянціна. Усімі сваімі дзеяньнямі моладзевыя актывісты дэманстравалі любоў да аб’яднанай Эўропы. Міліцыя не дазволіла ім доўга адзначаць на пляцы гэтае сьвята.

Увечары 14 лютага на Кастрычніцкую плошчу Менска прыйшло каля 100 маладых апазыцыйных актывістаў. Сярод іх былі сябры “Маладога фронту”, “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў”, навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю. Усе яны мелі ў сваім адзеньні элемэнты сьцягу Эўрапейскага зьвязу – шалікі, хусткі й навязкі валошкавага колеру з жоўтымі зоркамі. Акцыя мела назву “Сэрца Эўропы”.

Удзельнікі акцыі запалілі бэнгальскія агні, і пад гукі гімну Эўрапейскага зьвязу пачалі віншаваць са сьвятам мінакоў.

Празь некалькі хвілінаў пасьля пачатку акцыі на плошчы зьявіліся амонаўцы, якія пачалі выціскаць зь яе ўдзельнікаў акцыі. Тым часам на Кастрычніцкую плошчу заехала калёна камунальнай тэхнікі, якая пачала ўборку сьнегу.

Акцыя на Кастрычніцкай плошчы такім чынам скончылася. Групы маладых людзей паехалі віншаваць зь днём сьвятога Валянціна прэтэндэнтаў ў адзіныя кандыдаты ад дэмакратычных сілаў – Анатоля Лябедзьку, Станіслава Шушкевіча і Аляксандра Мілінкевіча.

А аднаго з арганізатараў акцыі “Сэрца Эўропы”, намесьніка сустаршыні “Маладога фронту” Сяргея Лісічонка па дарозе дахаты спрабаваў затрымаць нейкі чалавек у цывільным.

У дзень 14 лютага актывісты “Маладога фронту” таксама павіншавалі з днём сьвятога Валянціна дыпляматаў 11 краінаў Эўрапейскага зьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі й Украіны. Яны перадалі дыпляматам адмысловыя звароты-віншаваньні з нагоды сьвята закаханых.

Акцыі рознага фармату былі арганізаваныя маладымі апазыцыянэрамі яшчэ ў 17 гарадох Беларусі. (паводле Радыё Свабода)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства