Абсталяваньне журналістаў застанецца ў пракуратуры
Нагадаем: супрацоўнікі КДБ пасьля ператрусу ў рэдакцыях «Радыё Рацыя», «Эўрапейскага радыё для Беларусі», тэлекампаніі «БелСат» забралі з сабой кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі. Яны мелі пракурорскую санкцыю на ператрус у рамках крымінальнай справы, распачатай у 2005 годзе за паклёп на Аляксандра Лукашэнку.
Тэхніку, якую забралі падчас ператрусу ў журналістаў, паводле сьледчых, будуць правяраць на наяўнасьць прыкметаў стварэньня і распаўсюду мультфільмаў палітычнага зьместу. Як паведаміў намесьнік менскага пракурора Аляксей Стук, сьледчыя мелі інфармацыю пра тое, што журналісты супрацоўнічалі са стваральнікамі мультфільмаў і з арганізацыяй «Трэці шлях».
16 жніўня 2005 году супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэрах сяброў ініцыятывы «Трэці шлях» Паўла Марозава, Андрэя Абозава і Алега Мініча. Ператрусы рабіліся ў рамках крымінальнай справы за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай сталі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на сайце арганізацыі. Супрацоўнікі КДБ забралі 16 кампутараў і ўсе носьбіты інфармацыі. Фігуранты крымінальнай справы зьехалі за мяжу.
Тэхніка дагэтуль знаходзіцца ў пракуратуры.
Паводле заканадаўства, сьледчы можа на месцы, дзе вядзецца ператрус, вызначыцца: забіраць тэхніку ці абмежавацца аглядам на месцы. Тэхніка можа часова заставацца ў сьледчых, пакуль ня будзе прынятае рашэньне — пакінуць яе ў якасьці рэчавых доказаў, вярнуць уладальніку ці аформіць належным чынам і пакінуць да суду.
Адвакатка Паўла Марозава Вера Страмкоўская некалькі разоў падавала заяву, каб забраную маёмасьць вярнулі ўладальнікам.
«У тых, хто праводзіў гэтае сьледзтва і забіраў гэтую тэхніку, павінны быць нейкія падставы. Яны павінны матываваць гэта нечым. Калі гэта ўсё належыць прыватным асобам, то яны могуць самастойна зьвяртацца са скаргамі і заявамі, каб ім усё вярнулі. Даводзіць гэта з дакумэнтамі ці на падставе нейкіх іншых доказаў».
Рэчы (у тым ліку ноўтбук) Аляксандра Атрошчанкава, забраныя летась падчас ператрусу, таксама дагэтуль застаюцца ў КДБ.
Хоць амаль два дзясяткі менскіх і рэгіянальных журналістаў засталіся бяз тэхнікі, але ўсе бюро, дзе рабіліся ператрусы, аднавілі сваю працу ў той жа дзень або назаўтра.
Журналіст «Радыё Рацыя» Кастусь Вансяцкі паведаміў «Свабодзе»:
«Тэхнікі ў нас было ня так ужо й шмат, і ўся яна была старая. Таму дакумэнты на яе даўным-даўно згубленыя. Мы, на жаль, ня зможам апратэставаць у пракуратуры, каб нам яе вярнулі. Зь іншага боку, засталіся людзі, і гэтыя людзі гатовыя далей працаваць. Як гэта будзе, у якой форме — пакуль ня ведаю. Думаю, што бліжэйшым часам мы ўсё ж паспрабуем атрымаць акрэдытацыю хаця б на аднаго журналіста, каб мець магчымасьць працаваць легальна. Паглядзім, што нам адкажа МЗС».
Назіральнікі лічаць, што спроба паралізаваць працу журналістаў на доўгі час не ўдалася. Вяшчаньне аднавілася літаральна празь некалькі гадзінаў.