Вярхоўны суд адхіліў скаргу НІСЭПД да Міністэрства юстыцыі
Вярхоўны суд Беларусі палічыў законным афіцыйнае папярэджаньне Мінюсту на адрас Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў за адмову падаць анкету леташняга ліпеньскага сацыялягічнага апытаньня.
У пастанове судзьдзі Вярхоўнага суду Валянціны Кулік, якою папярэджаньне Мінюсту на адрас НІСЭПД пакідаецца ў сіле, зазначаецца, што ў адпаведнасьці з артыкулам 25 Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях любыя іх дакумэнты і матэрыялы, што адносяцца да статутнай дзейнасьці, павінны прадстаўляцца Мінюсту. Паколькі сацыялягічныя дасьледаваньні адносяцца да статутнай дзейнасьці НІСЭПД, то ўсе матэрыялы, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца, у тым ліку і запоўненыя анкеты, павінны зьберагацца і падавацца паводле запытаў органу рэгістрацыі. Такім чынам, ананімнасьць сацыялягічных дасьледаваньняў пастаўленая судом пад пагрозу.
Судзьдзя таксама патлумачыла, што Мінюст мае права правяраць і інфармацыю, якая ўтрымлівае камэрцыйную тайну, калі, напрыклад, інстытут праводзіць маркетынгавыя дасьледаваньні.
Дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў лічыць гэтае рашэньне знакавым для грамадзтва: “Такім чынам створаны прэцэдэнт, гэта ўпершыню за апошнія гады, які пашырае кантроль дзяржаўнай улады, у гэтым выпадку празь Мінюст, над грамадзянскай супольнасьцю”.
Прафэсар Алег Манаеў зазначыў, што ён з калегамі не выключае атрыманьня інстытутам другога пісьмовага папярэджаньня Мінюсту і падачы пазову аб закрыцьці НІСЭПД.
2 лютага інстытут атрымаў яшчэ адзін запыт зь Мінюсту з патрабаваньнем падаць анкету ўжо лістападаўскага сацыялягічнага апытаньня. Прадстаўнік Мінюсту Аляксандар Харытон заявіў у Вярхоўным судзе, што кантрольны орган такім чынам патрабуе, каб НІСЭПД забясьпечыў празрыстасьць сваёй дзейнасьці. Аднак усе анкеты лістападаўскага апытаньня, зыходзячы з прынцыпу ананімнасьці рэспандэнтаў, былі зьнішчаныя пасьля кампутарнай апрацоўкі, -- паведаміла Радыё Свабода.