Праваабаронца патрабуе прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў за парушэньне канстытуцыйных правоў грамадзян
Мазырскі праваабаронца Уладзімер Целяпун накіраваў у пракуратуру Мазырскага раёна скаргу на дзеяньні службовых асоб, якія парушылі канстытуцыйныя правы грамадзян.
Група грамадзян горада Мазыра звярнулася ў райвыканкам за дазволам на пправядзеньне сходу грамадзян, прызначанага на 29 сакавіка ў поўнай адпаведнасьці з Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Аднак адміністрацыя райвыканкама у асобе намесніка старшыні Галюка Ф. адмовіла заяўнікам у іх праве на правядзеньне сходу, не прапанаваўшы нават іншага варыянту для рэалізацыі канстытуцыйнага права. Між тым гэтыя права гарантуюцца артыкуламі 33, 35 і 52 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Праваабаронца лічыць, што службовыя асобы Мазырскага райвыканкама не выконваюць патрабаваньні Дырэктывы №2 і не “забяспечылі правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь”, якія з’яўляюцца найвышэйшай мэтаю дзяржавы”.
У скарзе праваабаронца патрабуе ў парадку пракурорскага нагляду вызначыць законнасць рашэньня Мазырскага райвыканкама і прыцягнуць да адказнасці службовых асоб за парушэньне канстытуцыйных правоў грамадзян.