Паўла Кур’яновіча арыштавалі на 15 сутак
Актывіста моладзевага руху “Джынс за свабоду” Паўла Кур’яновіча суд Савецкага раёну Менску арыштаваў на 15 сутак за ўдзел у пікеце насупраць амбасады Кітая.
Удзельнікі акцыі патрабавалі свабоды Тыбэту. Паплечнікі Паўла лічаць, што жорсткі прысуд — яшчэ й прэвэнтыўны захад дзеля таго, каб ізаляваць актывіста напярэдадні масавай вулічнай акцыі 25 сакавіка.
Сябры Паўла Кур’яновіча некалькі гадзінаў чакалі ў судзе Савецкага раёну Менску, пакуль яго прывязуць. Паводле міліцэйскіх рапартаў, 17 сакавіка каля будынку кітайскай амбасады Павал зь дзяўчынай трымалі расьцяжку з надпісам па-ангельску: “Свабоду Тыбэту”.
Юнак трымаў яшчэ й бел-чырвона-белы сьцяг. У першым рапарце было напісана, што гэта сьцяг БНФ, а ў другім — БНР.
Судзьдзя Натальля Скугарава пакарала Паўла Кур’яновіча арыштам на 15 сутак.
У судовай залі Павал паведаміў “Свабодзе”: Я супраць таго, каб забівалі мірных жыхароў, якія змагаюцца за незалежнасьць сваёй краіны. У нас усе ведаюць пра зьнікненьні вядомых палітыкаў. А тут хоць і ня лідэраў, але іх было значна больш. Я папросту выказаў салідарнасьць зь людзьмі, якія, як і я, змагаюцца за незалежнасьць сваёй краіны”.
Паплечнікі Паўла лічаць ягоны арышт яшчэ й прэвэнтыўным захадам напярэдадні сьвяткаваньня Дня Волі.
Гаворыць Максім Вінярскі: Цалкам магчыма, што такі жорсткі прысуд ёсьць страхоўкай перад 25-м, каб ён не патрапіў на нашае агульнанацыянальнае сьвята, якое будуць сьвяткаваць на вуліцах нашага горада”.
Алесь Чарнышоў дадаў: Разумею, што гэта прэвэнтыўны арышт напярэдадні сьвяткаваньня Дня Волі. Канечне ж, гэта жахліва”.
Павал Кур’яновіч ня першы раз будзе адбываць арышт у турме на вуліцы Акрэсьціна. Напярэдадні “Эўрапейскага маршу” яго арыштавалі на 10 сутак за расклейку налепак. За ўдзел у акцыі салідарнасьці Павал адседзеў 20 сутак.
У турме на вуліцы Акрэсьціна знаходзіцца яшчэ адзін актывіст моладзевага дэмакратычнага руху — Зьміцер Касьпяровіч, якога ўчора арыштавалі на 12 сутак.