viasna on patreon

Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў” судзіцца з Міністэрства юстыцыі

2005 2005-02-11T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў” абскардзіла ў Вярхоўным судзе афіцыйнае папярэджаньне Мінюсту за адмову падаць анкету аднаго са сваіх сацыялягічных апытаньняў. На паседжаньні суду 10 лютага прысутнічаў карэспандэнт Радыё Свабода.

Унікальнасьць гэтага працэсу ў тым, што навукоўцы зь НІСЭПД спрабуюць адстаяць сваё права праводзіць непадкантрольныя ўладзе сацыялягічныя дасьледаваньні, заснаваныя на ананімнасьці рэспандэнтаў і інтэрвіюераў. Менавіта ананімнасьць гарантуе аб’ектыўны вынік сацыапытаньняў. Зыходзячы з гэтага прынцыпу, навукоўцы заўсёды зьнішчаюць адпрацававаныя анкеты пасьля таго, як зьвесткі зь іх заносяцца ў кампутар. Мінюст жа летась запатрабаваў экзэмпляр запоўненай анкеты сацапытаньня НІСЭПД і, не атрымаўшы яго, вынес арганізацыі папярэджаньне.

Прадстаўнік Мінюсту Аляксандар Харытон заявіў у Вярхоўным судзе, што анкеты адносяцца да статутнай дзейнасьці НІСЭПД і іх трэба праверыць, каб ацаніць рэпрэзэнтатыўнасьць сацапытаньня, вызначыць, ці можа яно называцца агульнанацыянальным. Мінюст падштурхнулі да такіх захадаў непрыемныя для ўлады вынікі апытаньня, апублікаваныя ў СМІ. Спадар Харытон патрабуе, каб НІСЭПД забясьпечыў такім чынам празрыстасьць сваёй дзейнасьці.

Паводле прадстаўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, які ўдзельнічаў у працэсе, юрыдычна патрабаваньні Мінюсту неабгрунтаваныя: “Я гэта ў сваім выступе назваў проста: злоўжываньне правам на кантроль дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў”.

Дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў лічыць, што Мінюст намагаецца кантраляваць сацыялягічныя дасьледаваньні, тых людзей, якія бяруць у іх удзел: “Гэтая мэта палягае ў тым, каб паставіць пад катроль ня толькі канкрэтна НІСЭПД, як урэшце і вывучэньне грамадзкай думкі ў нашай краіне, і саму грамадзкую думку — каб толькі пэўныя людзі і структуры мелі права выказваць гэтую грамадзкую думку, гаварыць якая яна ў гэтай краіне”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства