Рэдактар недзяржаўнай газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандар Шчарбак стаў невыязным.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
Шклоўская пашпартна-візавая служба адмовілася аформіць дазвол для часовага выезду за мяжу вядомаму дэмакратычнаму актывісту і рэдактару недзяржаўнай газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандру Шчарбаку. Прычынай абмежаваньня выезду шклоўца за мяжу, як і ў нядаўнім выпадку гомельскага дэмакрата Віктара Карніенкі, сталі прэтэнзіі падаткавай інспэкцыі.
Аляксандар Шчарбак зьбіраўся ў Польшчу да сяброў і быў моцна зьдзіўлены, калі ўчора атрымаў паведамленьне пашпартна-візавай службы. Яму адмовілі ў дазволе на часовы выезд за мяжу з прычыны кантролю падатковай інспэкцыі Шклоўскага раёну. Кіраўнік пашпартна-візавай службы раёну Віталь Васкоўскі пацьвердзіў інфармацыю, хаця і прызнаў, што ў ягонай практыцы такое здараецца першым разам.
Як высьветлілася, размова ідзе пра працу Аляксандра Шчарбака ў прыватнай фірме пад назвай “Сідлер і К”, якая займалася лесам. У 1996 годзе ён працаваў там выканаўчым дырэктарам, потым працадаўцы яго разьлічылі, і фірма неўзабаве была зьліквідаваная. У падатковай інспэкцыі Шчарбаку паведамілі, што фірма вінаватая бюджэту 8 тысяч беларускіх рублёў. Гэтая запазычанасьць і стала афіцыйнай прычынай таго, што шклоўскі дэмакрат стаў невыязным.
Сам Аляксандар Шчарбак не мае сумневу ў сапраўдных прычынах пазбаўленьня яго права выезду за мяжу. Ён лічыць іх палітычнымі: “Гэта працяг працэсу ціску на мяне праваахоўчых органаў. У тым ліку Шклоўскага КГБ і пракуратуры. Яны спачатку мяне аштрафавалі за распаўсюд нейкіх улётак, а цяпер не даюць ехаць за мяжу. Альбо спроба запужаць мяне, альбо прэсаваць мяне павольна. Толькі палітыка, чыстая”.