viasna on patreon

Цянюту пакаралі арыштам на 10 сутак

2008 2008-03-23T09:32:53+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

21 сакавіка суддзя Чыгуначнага раёна Гомеля Ілья Свірыдаў прызнаў Андрэя Цянюту вінаватым ва ўчыненні дробнага хуліганства (арт. 17.1 КоАП) і прыгаварыў яго да адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 10 сутак.

У судзе актывіст маладзёжнага дэмакратычнага руху паказаў, што 20 сакавіка прыкладна ў 20.00 да яго на вуліцы падышоў невядомы, які стаў хапаць яго за вопратку, горла і пры гэтым клікаў на дапамогу. Праз хвіліну падышлі тры супрацоўнікі міліцыі, адзін з якіх — камандзір узвода спецыяльнай роты хуткага рэагавання ППСМ Андрэй Вайценка, і даставілі актывіста ў АУС Чыгуначнага раёна. У міліцыі ў дачыненні да яго ўчастковы інспектар Аляксандр Альшэўскі склаў адміністрацыйны пратакол, потым актывіста памясцілі ў ІЧУ.

Таксама на судзе А.Цянюта заявіў, што сваё затрыманне лічыць правакацыяй КДБ напярэдадні Дня волі 25 сакавіка. Суддзя І.Свірыдаў удакладніў, ці з'яўляецца пацярпелы супрацоўнікам КДБ. На гэта актывіст адказаў: "Хутчэй за ўсё, Сяргей Сычоў, які нападаў на мяне, з'яўляецца пазаштатным супрацоўнікам КДБ, гэта значыць стукачом".

Сведкамі хуліганскіх дзеянняў А.Цянюты на судзе выступалі электрамеханік Сяргей Сычоў, 1984 года нараджэння, і студэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта Багдан Барысенка, 1988 года нараджэння. Яны сцвярджалі, што А.Цянюта напаў на С.Сычова і спрабаваў яго збіць. Выслухаўшы абодва бакі, суддзя прыгаварыў А.Цянюту да арышту. //БелаПАН

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства