У Гарадзенскім абласным гаспадарчым судзе пачаўся разгляд справаў аб высяленьні гарадзкой і абласной радаў грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”
Каб іх выселіць з арандаваных памяшканьняў, у суд зьвярнулася жыльлёвае рамонтна-эксплюатацыйнае прадпрыемства Ленінскага раёну гораду. Судовае паседжаньне прыпынена да 21 лютага, каб суд меў час сабраць дадатковыя матэрыялы, якія датычаць справы, паведаміла Радыё Свабода.
Першай разглядалася справа адносна гарадзкой Рады БНФ. Судзьдзя Сяргей Кулакоўскі адразу зазначыў, што жыльлёва-камунальная служба просіць скасаваць дамову аб арэндзе з БНФ і выселіць арганізацыю. У БНФ былі зьдзіўлены гэтаму: у лістападзе дамова аб арэндзе была працягнутая, а 6 студзеня іх раптам пачалі высяляць. Камунальная служба спасылаецца на тое, што дом у аварыйным стане. У час суду ў кіраўніка гарадзкой Рады БНФ Міколы Ворана узьнік сумнеў у экспэртнай выснове наконт аварыйнасьці будынку.
Адразу за гэтым суд зьвярнуўся да справы аб высяленьні абласной Рады БНФ “Адраджэньне”, якая месьціцца ў тым жа будынку на вуліцы К.Маркса, 11.