Зьмітра Касьпяровіча перавялі ў шпіталь
У яго канстатавалі гіпэртанічны крыз.
Сёньня Зьмітра Касьпяровіча перавялі ў турэмны шпіталь. Як паведаміў Зьміцер, у яго абвастрыліся праблемы са здароўем: мэдыкі канстатавалі гіпэртанічны крызіс, а на заўтра яму прызначылі абсьледваньне, якое датычыць хваробы сьпіны. «Пачуваюся сярэдне» – акрэсьліў свой цяперашні стан Зьміцер.
Нагадаем, што ў 17 сакавіка судзьдзя Савецкага раёну Аксана Рэлява пакарала былога палітвязьня Зьмітра Касьпяровіча 12 суткамі арышту. Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён лаяўся матам на супрацоўнікаў ДАІ. Пратакол быў складзены па артыкуле 17 частка 1 Адміністрацыйнага кодэксу «дробнае хуліганства». Касьпяровіча затрымалі ў суботу, пры вобшуку ў яго машыне быў знойдзены вялікі наклад налепак з заклікам падтрымаць ініцыятыву «Эўрапейская Беларусь» і «Малады Фронт». Зьмітра затрымлівалі дзьве машыны ДАІ, а таксама адна са спэцназам.