Валянцін Стэфановіч: “Гэта асабістая справа кожнага чалавека – зьбірацца на кватэры, абмяркоўваць і рабіць, што лічыць патрэбным. У тым ліку і абмяркоўваць пытаньні грамадзка-палітычнага жыцьця краіны”
Вось як камэнтуюць тое, што здарылася зь Сяргеем Антончыкам і ягонымі аднадумцамі, беларускія праваабаронцы. Карэспандэнт Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч зьвярнуўся да праваабронцы цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча і вядомай адвакаткі Веры Страмкоўскай.
Валянцін Стэфановіч зь Праваабарончага цэнтру “Вясна” лічыць грубым парушэньнем Канстытуцыі тое, што здарылася зь Сяргеем Антончыкам і ягонымі аднадумцамі, паколькі Канстытуцыя Беларусі гарантуе ўсім грамадзянам свабоду сходаў.
Паводле праваабаронцы, новая рэдакцыя закону аб масавых мерапрыемствах неабгрунтавана шырока трактуе паняцьце сходу. “Цяпер сходам лічыцца нават тое, што людзі сабраліся на кватэры”, – нагадаў Валянцін Стэфановіч.
Аднак пры гэтым ён згадаў, што закон патрабуе ад міліцыянтаў прадставіць доказы, што было пэўнае парушэньне. Між тым гэтага міліцыянты не зрабілі, – лічыць Валянцін Стэфановіч.
(Стэфановіч: ) “ Міліцыянты не патлумачылі, чым могуць пацьвердзіць, што Антончык праводзіў несанкцыянаваны сход. Паводле тлумачэньняў, якія ўзялі ў грамадзянаў, яны сабраліся, каб папіць гарбату і ніякіх сходаў там не праводзілася. Таму мы расцэньваем гэтыя дзеяньні ўладаў як абсалютна незаконныя”.
Валянцін Стэфановіч лічыць уварваньне міліцыянтаў у прыватную кватэру, дзе былі Сяргей Антончык зь сябрамі, таксама парушэньнем права на прыватнае жыцьцё. Праваабаронцу гэта нагадала савецкія часы.
(Стэфановіч: ) “Міліцыянты ня тое што на вуліцы беспадстаўна затрымліваюць людзей, але цяпер і ў жылых памяшканьнях. Гэта мне нагадвае савецкія фільмы пра рэвалюцыянэраў, якія зьбіраліся на кватэрах, сыходзілі агародамі, ставілі на стол самавар, каб казаць жандармам, што яны п’юць гарбату, а не абмяркоўваюць палітыку. Але гэта асабістая справа кожнага чалавека – зьбірацца на кватэры, абмяркоўваць і рабіць, што лічыць патрэбным. У тым ліку і абмяркоўваць пытаньні грамадзка-палітычнага жыцьця краіны”.
Вядомы адвакат Вера Страмкоўская таксама правяла аналёгію з савецкімі часамі, калі дысыдэнтаў затрымлівалі падчас сходаў на кватэрах. Аднак Вера Страмкоўская нагадала, што нават ў тыя часы адказнасьці за правядзеньне сходаў на хаце ў заканадаўстве не было.
(Страмкоўская : ) “Нават у савецкі час не існавала адказнасьці за незаконны сход на кватэры. Не было такога. Нешта іншае шукалі. Антысавецкая дзейнасьць, альбо прапаганда, альбо яшчэ нешта”.
Вера Страмкоўская зьвязвае такія дзеяньні беларускіх ўладаў з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Магчыма, ўлады баяцца, што гэтая актыўнасьць грамадзянаў адаб’ецца на выніках выбараў,– лічыць вядомая праваабаронца.