Адміністрацыя калоніі, дзе адбывае пакараньне Валерый Леванеўскі, спрабуе зламіць палітзьняволенага
Адміністрацыя калоніі №19 у Магілёве, дзе адбывае пакаранне лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў, сябра Рады грамадзянскіх ініцыятываў "Свабодная Беларусь" Валерый Леванеўскі, аказвае на яго ціск. Пра гэта, як паведамляе pahonia.promedia.by, Леванеўскі распавёў у лісце да сваёй сям’і.
«На мяне "навесілі" шэраг парушэнняў і цяпер я з’яўляюся злосным парушальнікам. У адпаведнасці з патрабаваннямі закона, я буду прызнаны такім не менш за год. На злосных парушальнікаў не распаўсюджваюцца папраўчыя працы, умоўна-датэрміновае вызваленне і амністыя. Паспрабую праз суд зняць гэтыя парушэнні. Надзея памірае апошняй. Пакуль знаходзіўся ў штрафным ізалятары, напісаў больш за 40 скаргаў і заяваў па розных пытаннях. Сядзець спакойна не атрымліваецца, хоць і спрабую, але самі разумееце, што прыніжаць ці зневажаць сябе я не магу дазволіць. Вось так і ўзнікаюць “канфлікты”», – піша Леванеўскі.
Нагадаем, што лідэры гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валерый Леванеўскі і Аляксандр Васільеў прызнаны вінаватымі ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для гэтага стаў сказ ў улётцы: «Прыйдзі і скажы, што ты супраць, калі за твой кошт нехта ездзіць у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, на сваю пацеху жыць». Абодва прадпрымальнікі адбываюць пакаранне ў калоніях агульнага рэжыму.