Віцебскага актывіста Барыса Хамайду не пакідаюць у спакоі
Сёньня ўчастковы з Чыгуначнага РАУСа Віцебска ўзяў пісьмовыя тлумачэньні ў старэйшага дэмакратычнага актывіста рэгіёна. Пры гэтым ён паведаміў Барысу Хамайду, што галоўная рэдактарка газеты “Віцебскі рабочы” Алена Бегунова напісала ў пракуратуру заяву наконт ананімнага ліста з пагрозамі, які прыйшоў на яе адрас.
Нейкі “дабразычлівец” абураецца амаральным учынкам рэдактаркі, якая надрукавала ў сваёй газеце зьняважлівы для Барыса Хамайды артыкул і пагражае ёй зьмясьціць у інтэрнэце падробленыя ў “фоташопе” фотаздымкі аўтаркі пасквіля.
Як паведамляе праваабаронца Леанід Сьвецік, ксэракопію ананімнага рукапіснага ліста участковы зрабіць не дазволіў, але з яго зьместам азнаёміў.
Актывіст Барыс Хамайда катэгарычна адмовіўся ад аўтарства ананімкі.
А вось ці адмовіць пракуратура ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, ці закруціцца судовы механізм – пакажа час. Але зараз можна зразумець толькі адно: і зняважлівы артыкул пра “стрыптызера” Хамайду, створаны нездаровай фантазіяй Бегуновай, і падазрэньне ў напісаньні ім ананімкі, ставяць на мэце адно – скампраментаваць імя мясцовага актывіста. Прынамсі такія ідэалагічныя замовы зараз нярэдка выконваюць прыкарытныя “акулы пяра” з абласных дзяржаўных газет Гомельшчыны і Гарадзеншчыны.