viasna on patreon

У Зельве адбыўся пажар у хаце, дзе жыла паэтка Ларыса Геніюш

2005 2005-02-05T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
У мястэчку Зэльва днямі ледзь не згарэла хата паэткі Ларысы Геніюш. Пажар заўважылі суседзі й пасьпелі патушыць агонь у спальні ды выкінуць на вуліцу ахопленую полымем вопратку п’яных насельнікаў хаты.

Хаце больш за сто гадоў, і яна належала яшчэ сьвёкру паэткі Яну Геніюшу. Ларыса Геніюш жыла ў ёй два гады да вайны, і пасьля вяртаньня з Гулагу – з 1956 аж да самай сваёй сьмерці ў 1983.

Тут напісаныя яе знакамітая “Споведзь” ды паэтычныя кнігі “Невадам зь Нёмана” й “На чабары настоена”. У хаце ў розны час гасьцявалі Васіль Быкаў, Максім Танк, Уладзімер Караткевіч, Мікола Ермаловіч, Зянон Пазьняк ды многія іншыя слынныя дзеячы айчыннай культуры.

Пасьля сьмерці паэткі будынак стаў дзяржаўнай уласнасьцю, і ў яго засялілі выпадковых людзей.

Гаворыць сваячка Ларысы Геніюш Алена Канюшэўская, якая раней жыла ў геніюшаўскай хаце: “А халера іх ведае, што там за людзі, я іх ня ведаю, і не хачу туды хадзіць. Бо як пагляну на гэтую хату, мне балюча робіцца. Людзі гэтыя жылі раней у шматкватэрным доме, але выпівалі й не плацілі за кватэру. Іх адтуль выселілі й засялілі ў Геніюшаўскі дом. Калі б пажар ноччу адбыўся, то ўсё згарэла б: суседзі ледзь пасьпелі патушыць спальню, дзе ўжо падлога занялася, і ватоўку з агнём на вуліцу выкінулі. Хіба можна было такіх безадказных людзей у гэтую хату засяляць? Але ж знаеце, якая наша ўлада: што хоча, тое й робіць.”

Гадоў пяць таму ў зэльвенскі гарвыканкам быў накіраваны падпісаны зэльвенцамі ліст з просьбай надаць вуліцы Савецкай імя Ларысы Геніюш, а ў самой хаце адчыніць літаратурны музэй.

На зварот грамадзкасьці пра годнае ўшанаваньне славутай зямлячкі з Зэльвенскага гарвыканкаму адказу да гэтай пары няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства