КДБ нарэшце зацікавіўся РНЕшнікамі
Днямі ва Ўпраўленне КДБ Віцебскай вобласьці былі выкліканыя Ўладзімер Базан, рэдактар незарэгістраванага выдання «Курьер из Витебска», і Барыс Хамайда, адзіны ў горадзе распаўсюднік недзяржаўнай прэсы.
Высьветлілася, што супрацоўнікі органаў дзяржбясьпекі зацікавіліся лістамі з пагрозамі ад віцебскага аддзяленьня «Расейскага нацыянальнага адзінства», якія Базан і Хамайда атрымалі сёлета на пачатку студзеня .
Такія ж пасланьні ад імя РНЕ яны атрымлівалі і раней. Два гады таму Ўладзіміру Базану, які тады быў рэдактарам недзяржаўнай газэты «Витебский курьер», нацысты пагражалі расправай за публікацыю некаторых артыкулаў. Барысу Хамайду і яшчэ траім сябрам КХП БНФ пагрозы ад РНЕ прыйшлі летась у ліпені.
Усяго на працягу двух апошніх гадоў лісты ад РНЕ атрымалі сем віцебскіх актывістаў, сярод якіх аказалася загадчыца літаратурай дзіцячага лялечнага тэатру Вікторыя Дашкевіч. Пяцёра адрасатаў РНЕ зьвярталіся са скаргамі ў пракуратуру, аднак безвынікова.
Алена Залеская, на той час (ліпень 2006 г.) кіраўніца Вцебскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, напісала скаргу ў КДБ і неўзабаве атрымала адказ за подпісам начальніка ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласьці Ўладзіміра Палешчука. У адказе гаварылася, што «арганізацыя Расейскае нацыянальнае адзінства на ўліку ў Міністэрстве юстыцыі і ўпраўленьні юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму не стаіць», і што «асобаў, якія лічаць сябе прыхільнікамі фармаваньня РНЕ, на тэрыторыі Віцебскай вобласьці ня выяўлена».
Цяпер супрацоўнікі Ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласьці вядуць сьледзтва па даручэньні рэспубліканскай пракуратуры, у якую са скаргай на дзеяньні РНЕ ў Віцебску зьвярнуўся Леанід Левін — кіраўнік Саюзу беларускіх яўрэйскіх арганізацый і грамадаў.