Мінюст лічыць, што перашкодамі пры рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў зьяўляюцца некампетэнтнасьць іх арганізатараў і недакладнае складаньне рэгістрацыйных дакументаў
Летась па рашэньні судоў было ліквідавана 38 грамадзкіх аб'яднаньняў – пра гэта ў інтэрвію газэце “Рэспубліка” паведаміў начальнік упраўленьня грамадзкіх аб'яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі.
Чыноўнік міністэрства заявіў, што летась было зарэгістравана 155 новых грамадзкіх арганізацыяў. Ён адхіліў абвінавачваньне ў тым, што мінюст наўмысна не рэгіструе новыя грамадзкія арганізацыі. Паводле Сьліжэўскага, галоўнымі перашкодамі пры рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў зьяўляюцца некампэтэнтнасьць іх арганізатараў і недакладнае складаньне рэгістрацыйных дакумэнтаў.
Алег Сьліжэўскі ў інтэрвію “Рэспубліцы” таксама распавёў, што міністэрства “фактычна выступіла ў ролі арбітра” ва ўнутрыпартыйным канфлікце ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Паводле Сьліжэўскага, адзін з бакоў канфлікту зьвярнуўся да міністэрства, і мінюст зрабіў заключэньне аб правамернасьці выключэньня з партыі яе лідэра Міколы Статкевіча.
Адмовы ў рэгістрацыі шэрагу пярвічных арганізацыяў незалежных прафсаюзаў сталіся падставай для скаргаў гэтых прафсаюзаў у Міжнародную арганізацыю працы.
Начальнік упраўленьня грамадзкіх арганізацыяў мінюсту сьцьвярджае, што лідэры незалежных прафсаюзаў у гэтым выпадку ня маюць рацыі.
Ён паведаміў, што “вывучэньне выпадкаў адмовы ў рэгістрацыі арганізацыйных структураў незалежных прафсаюзаў, якія трапілі ў скаргу, што разглядаецца зараз Міжнароднай арганізацыяй працы, сьведчыць пра тое, што адмовы ў рэгістрацыі нават не былі абскарджаныя ў судовым парадку”.