«Прессбол» пагражае Алімпійскаму камітэту судом
Як стала вядома Еўрарадыё, у газеты «Прессбол» яшчэ ёсць магчымасць вярнуць сабе акрэдытацыю на Алімпіядзе-2008 у Пекіне і накіраваць туды сваіх журналістаў. Такую магчымасць прызнаюць нават у Нацыянальным Алімпійскім камітэце.
Пра тое, што верагоднасць патрапіць у Пекін у журналістаў «Прессбола» застаецца, гаворыць і галоўны рэдактар газеты Уладзімір Беражкоў.
Уладзімір Беражкоў: «Заўсёды можна памяняць. 13 верасня Міжнародны Алімпійскі камітэт і аргкамітэт гульняў патрабаваў ад нашага НАКа назваць выданні, якія будуць акрэдытаваны на гульні. У іх ліку быў названы «Прессбол». 1 сакавіка НАК павінен быў назваць прозвішчы журналістаў, якія паедуць на гульні. НАК звярнуўся да нас па прозвішчы, мы іх назвалі. А ў выніку НАК прыняў другое рашэнне. Як НАК будзе выходзіць з гэтай сітуацыі, я, шчыра кажучы, не ведаю. НАК прыняў два рашэнні».
Нагадаем, што 13 верасня выканкам НАК прыняў рашэнне аб акрэдытацыі газеты «Прессбол» на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Але 28 лютага на паседжанні сябры выканкаму вырашылі адабраць акрэдытацыю ў самай масавай спартовай газеты краіны, а іх квоту аддаць іншым выданням. Журналіста — «Народнай газеце», фотакарэспандэнта — «Рэспубліцы». А ўсё нібыта з-за таго, што спартоўцы і чыноўнікі НАК пакрыўдзіліся на загаловак артыкула журналісткі «Прессбола» Святланы Парамыгінай «Олимпийская помойка. НИИсследованный миллиард». Праўда, аб сваім рашэнні пра пазбаўленне газеты акрэдытацыі НАК да гэтага часу афіцыйна «Прессболу» не паведаміў.
Але, як стала вядома Еўрарадыё, яшчэ ў снежні 2007 года «Прессбол» і НАК падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Згодна з гэтай дамовай, «Прессбол» асвятляе дзейнасць НАКа ў падрыхтоўцы беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды ў Пекіне, а НАК абавязаўся акрэдытаваць там журналістаў газеты. І газета, кажа галоўны рэдактар, усе свае абавязкі па дамове выконвала. І нараканняў з боку Алімпійскага камітэту не мела.
Уладзімір Беражкоў: «У рамках гэтай дамовы мы вельмі шмат газетнай плошчы аддалі пад матэрыялы НАКа. Ніводнай заўвагі за час дзеяння дамовы ад НАКа нам не прыходзіла. Фактычна і фармальна атрымліваецца, што НАК не выконвае сваіх абавязкаў — ён не акрэдытаваў нас на гульнях, як абяцаў».
І цяпер, па словах рэдактара, «Прессбол» мае поўнае права падаць на Алімпійскі камітэт у суд.
Але віцэ-прэзідэнт НАК Генадзь Аляксеенка называе пагрозы галоўнага рэдактара судом глупствам. Кажа, не трэба было гадзіць.
Генадзь Аляксеенка: «Гэта поўнае глупства! Гэта ж не фінансавая і не гаспадарчая дамова. Гэта дабраахвотныя абавязальніцтвы, якія мы ўзялі на сябе. А маглі і не браць, нас ніхто не прымушаў. Дамову мы падпісвалі са шматлікімі сродкамі масавай інфармацыі. Але ў дамове нідзе не напісана, што выданне будзе гадзіць на той орган, з якім заключана дамова».
Нягледзячы на гэта, віцэ-прэзідэнт НАК не выключае таго, што рашэнне выканкаму можа быць перагледжана і газеце вернуць акрэдытацыю.
Генадзь Аляксеенка: «НАК — гэта ж не суд вышэйшай інстанцыі, дзе рашэнне канчатковае і яго нельга абскадзіць. Будуць новыя аргументы альбо падставы, трэба — яшчэ раз збярэмся. Трэба — яшчэ 5 разоў збярэмся і разгледзім. Справа ж не НАК, справа ў іншым баку».
Што гэта за іншы бок, віцэ-прэзідэнт не патлумачыў. Але галоўны рэдактар «Прессбола» лічыць, што вырашальным у гэтай справе будзе слова прэзідэнта НАК Лукашэнкі. Але ён да гэтага часу ніякага адказу на накіраваны яму рэдакцыяй адкрыты ліст не даў.
На думку Еўрарадыё, пытанне з акрэдытацыяй журналістаў «Прессбола» ў Пекіне можна было б вырашыць з дапамогай журналіцкай салідарнасці. Для гэтага журналістам «Народнай газеты» і «Рэспублікі», якім НАК перадаў квоту «Прессбола», трэба адмовіцца ад акрэдытацыі на карысць калег. Але як высветлілася, журналісты дзяржаўных СМІ слаба ўяўляюць, што такое салідарнасць. Так, журналіст «Народнай газеты» Алег Гаруновіч, якому аддалі акрэдытацыю журналіста «Прессбола», кажа, што не паедзе ў Пекін толькі ў тым выпадку, калі акрэдытацыю ізноў вернуць таму, у каго забралі.
Алег Гаруновіч: «Прессбол» жа дабіваецца аднаўлення акрэдытацыі. Калі ім адновяць акрэдытацыю — я не паеду. Калі не адновяць — паеду».
Кажа, у любым выпадку месца пустым не застанецца. А рэдактар «Народнай газеты» Уладзімір Андрыевіч нават здзівіўся прапанове адмовіцца ад акрэдытацыі.
Уладзімір Андрыевіч: «Чаму мы павінны адмаўляцца? Мы не ініцыявалі гэта пытанне і ў тым, што забралі ў „Прессбола“ акрэдытацыю, не вінаватыя. Дык чаму мы павінны адмаўляцца?!»
Як сцвярджае віцэ-прэзідэнт НАК Генадзь Аляксеенка, днямі ім прыйшоў ліст з Міжнароднага Алімпійскага камітэта, дзе гаворыцца, што толькі НАК можа вырашыць, якіх журналістаў акрэдытоўваць, а якіх — не.