Шчукін таксама ў сьпісе невыязных
Яшчэ адзін вядомы апазыцыянэр стаў невыязным. За мяжу ня выпусьцілі былога дэпутата парлямэнту Валера Шчукіна.
«Днямі спрабаваў абсалютна легальна перасячы беларускую мяжу — мяне запрасілі ў Нямеччыну, — расказаў Валер Шчукін “Белорусскому партизану”. — Аднак памежнікі ня выпусьцілі з краіны — сказалі, што маё прозьвішча пазначана ў сьпісе тых, каму забаронена пакідаць межы Беларусі.
Ня ведаю, па якіх прычынах мне забаронена выяжджаць за мяжу. Ніякіх «грахоў» за мной ня лічыцца. Больш за тое, летась у канцы году мне паставілі дазвольны штамп на выезд — калі б былі якія‑небудзь запазычанасьці перад дзяржавай, то гэтага штампа не было б».
Варта адзначыць, што ў Нямеччыну спадар Валер усё ж прыехаў. Цераз Расею.
«Беларускія памежнікі былі, мякка кажучы, надзвычай зьдзіўленыя, калі ўбачылі, як я вяртаюся на радзіму, бо паводле іхніх сьпісаў я застаўся ў Беларусі! — кажа Шчукін. — Аднак не ўпусьціць мяне яны не маглі… Натуральна, я напісаў ліст на імя генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з просьбай разабрацца ў сытуацыі й пакараць вінаватых. Чакаю адказу…».
Паводле: «Белорусский партизан»