За заробак трэба змагацца згуртавана
Усе ведаюць, пра нізкія заробкі на прадпрыемстве “Трансоэкспрэс”, але ніхто не дапамагае зьмяніць сітуацыю. Работніцы вырашылі змагацца самі за сябе.
Не так даўно адбылася сустрэча берасьцейскіх і бярозаўскіх праваабаронцаў з работніцамі прыватнага прадпрыемства па пераапрацоўцы крэветак “Трансоэкспрэс”.
Работніцы, жабрацкія заробкі якіх ў 2,5 разы ніжэйшыя за сярэднія заробкі ў раёне і не дасягаюць нават пражытачнага мінімуму, даведзеныя да адчаю. Яны папрасілі праваабаронцаў, каб тыя дапамаглі юрыдычна правільна падрыхтавацца да забастоўкі. Таму што ў іх даўно выпрацаваы увесь рэсурс звяртаньня за дапамогай да дзяржаўных структур.
Юрыст-праваабаронца сп. Уладзімер Малей пазнаёміў жанчын са складанымі ўмовамі падрыхтоўкі да забастоўкі. Прама на сустрэчы была арганізаваная прафсаюзная група Бярозы беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці, якой у вобласьці кіруе спн. Зінаіда Міхнюк. Менавіта спн. Міхнюк, якая таксама была на сустрэчы, давяла да жанчын, што для абароны сваіх правоў трэба згуртавацца ў прафсаюз, каб мець магчымасьць атрымліваць прафесійную дапамогу ў дамаганьні лепшага заробку і ўмоваў працы.
Тамара Шчапёткіна, Бяроза-Картузская Берасьцейскай вобл.