Лукашэнка прадэманстраваў поўнае неразуменьне асноваў грамадзянскай супольнасьці
Каментуючы зьмены ў кіраўніцтве КДБ і выказваньне А.Лукашэнкі пра асабісты кантроль над КГБ, праваабаронца Алесь Бяляцкі паведаміў: “Лагічна зьвязаць зьмены, якія А.Лукашэнка правёў у кіраўніцтве КГБ з ягонай рэзка адмоўнай ацэнкай дзейнасьці сьпецслужбаў падчас праведзенага рэферэндуму і парламенцкіх выбараў. КГБ не здолела штосьці супрацьставіць дэмакратычнай апазіцыі, якая аб’ядналася ў Народную кааліцыю Пяцёрка плюс, а таксама актыўнай дзейнасьці дэмакратычных моладзевых аб’яднаньняў. Сьпецслужбы не развалілі найбольш моцную дэмакратычную кааліцыю, якая даволі эфектыўна правяла грамадзка-палітычную выбарчую кампанію ўвосень 2004 года, што выклікала вялікі недавер беларускага грамадзтва да вынікаў рэферэндума і выбараў. Аб’яднаньне дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў уяўляюцца А.Лукашэнкам сур’ёзнай пагрозаю для ягонай неабмежаванай улады. Тое, што А.Лукашэнка бярэ пад асабісты кантроль КГБ, пра што ён адкрыта і голасна паведаміў, накладае на яго поўную адказнасьць за будучую дзейнасьць беларускіх сьпецлужбаў супраць беларускай дэмакратычнай супольнасьці. А выказваньне А.Лукашэнкі наконт таго, што ён “не аддаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі пад кантроль нейкай грамадзянскай супольнасці, як гэта прынята казаць у асобных краінах. Кантроль грамадзкай супольнасыці – гэта развал сілавых структур” паказвае поўнае неразуменьне А.Лукашэнкам механізма дзейнасьці грамадзянскай супольнасці, поўны недавер да сваіх грамадзянаў і, у перспектыве, татальную безадказнасьць беларускіх спецслужбаў у сваіх дзеяньнях.”Нейкая грамадзянская супольнасьць” – прагучала пагардліва з вуснаў А.Лукашэнкі, што недаравальна да чалавека, які спрабуе кіраваць цэлай дзяржаваю і паказвае ягоны ўзровень разуменьня дэмакратыі. Калі б так яно было, як пра гэта кажа А.Лукашэнка, тады б ні ў воднай дэмакратычнай краіне службаў бы не было. Тым не меньш яны там існуюць і працуюць даволі эфектыўна, але не парушаючы асноўныя правы сваіх грамадзянаў. Грамадзкі кантроль над сілавымі службамі, як паказвае сусьветная практыка, гэта адзіны механізм, які дазваляе пазьбегнуць злоўжываньняў з іхняга боку. Пастаноўка КГБ пад асабісты кантроль А.Лукашэнкі яшчэ болей пераўтварае гэтыя службы ў ягоны асабісты, безканрольны рэпрэсіўны механізм, які будзе выкарыстоўвацца А.Лукашэнкам па ягонай волі і прыхамаці”.