viasna on patreon

Закону “Аб мовах” -- 15 гадоў. Згортванне беларусізацыі прывяло да таго, што руская мова заціснула беларускую

2005 2005-01-27T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кірыла ПАЗНЯК
naviny.by

15 гадоў таму, 26 студзеня 1990 года, у нашай краіне быў прыняты закон аб мовах, паводле якога беларуская мова прызнавалася адзінай дзяржаўнай. Пачалася павольная беларусізацыя.
Натуральна, на беларускую мову тады ў побыце пераходзілі тыя, хто хацеў. А вось на працы багата каму гэта даводзілася рабіць не толькі паводле жадання, а таму што трэба — справаводства было ж беларускамоўным. Зрэшты, асаблівых народных енкаў чуваць не было. Гвалт час ад часу ўсчыналі, бэсцячы клятых нацыяналістаў, рознага кшталту баявыя апалагеты славянскай ідэі.
Добры прыклад народу падавалі чыноўнікі: бралі ў сваіх дзяцей і ўнукаў падручнікі — і вучыліся ці дасканаліліся ў моўных ведах, патнелі, але праводзілі па-беларуску планёркі. На радыё і па тэлебачанні таксама стараліся прамаўляць ці даваць інтэрв'ю на беларускай мове. Хай почасту і каравата. Але ж і цяпер па-руску многія з чынавенства выказваюць свае думкі так, што хоць ты ў школах на уроках дзецям расказвай, як не трэба мовіць.
"Трасянка" жыла, жыве і будзе жыць!
Паводле старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава менавіта яна выратуе беларускую мову. У інтэрв'ю БелаПАН ён выказаў думку, што ў Беларусі назіраецца працэс трансфармацыі праз "трасянку" рускай літаратурнай мовы ў беларускую. "Гэты працэс выкліканы набыццём незалежнасці і спыненнем прытоку ў краіну маладых спецыялістаў з Расіі — новых носьбітаў рускай літаратурнай мовы. А рускамоўнае насельніцтва, якое жыве ў Беларусі, паступова асімілюецца ў асяроддзі, большасць прадстаўнікоў якой, у тым ліку і айчынныя чыноўнікі, у асноўным, выхадцы з вёскі, гавораць на "трасянцы", — лічыць Алег Трусаў. Старшыня ТБМ мяркуе, што прыкладна праз 20-25 гадоў ўсё насельніцтва Беларусі загаворыць на "трасянцы", а потым — і на літаратурнай беларускай мове. Даеш іспыты ў ВНУ па "трасянцы"!
Цэніць "трасянку" як моўны здабытак нацыі і прэзідэнт: "Нас некаторыя папракаюць за рускую мову. Ну якая ж яна руская! Чаго мы адмаўляемся ад таго, што мы стварылі за гады савецкай улады? Чыста руская мова адрозніваецца ад мовы, на якой гаворым мы. Нехта называе гэта "трасянка", ну што ж, хай будзе і "трасянка". Мы стварылі гэтую мову".
Беларусізацыя ў першай палове 1990-х гадоў была менавіта павольнай — ніхто нікога беларускай мовы вучыць не прымушаў, на рускамоўных пальцам не тыцкаў і на чамаданы не саджаў. Так званых перагінаў не было. Хаця гэта як каму. Але моўная палітыка ў Беларусі была ў дзясяткі разоў лагаднейшая, чымьсці, скажам, у краінах Балтыі. У выніку ў 1995 годзе ў нашай краіне па-ранейшаму ва ўсіх сферах пераважала руская мова. Дый калі б у тым годзе не адбыўся рэферэндум, усталяваўшы руска-беларускі білінгвізм, беларуская мова наўрад ці б і сёння ўжывалася нароўніцу з рускай. Але згортванне беларусізацыі прывяло да таго, што руская заціснула беларускую.
Усім прэтэнзіям з боку нацдэмаўскай публікі улады даюць такі адлуп: народу дадзены моўны выбар, людзі гавораць на той мове, на якой хочуць. Збольшага па-руску. Але чаму дзяржава не займаецца папулярызацыяй беларускай мовы? Чаму ідэалогіяй, патрыятычным выхаваннем займаецца, а мовай — не? Прычым ідэалогія распаўсюджваецца, уганяецца ў галовы без усялякага выбару.
Прэзідэнт з ягоным агромністым паводле афіцыйных вынікаў апошняга рэферэндума крэдытам даверу ад насельніцтва мог бы багата зрабіць для беларусізацыі. Мажліва, ён даэвалюцыянуе разам з народам у часе якога-небудзь эннага прэзідэнцкага тэрміну і да гэтага. Прыйшоў жа ён да здаровага эканамічнага нацыяналізму!
Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, Аляксандр Рыгоравіч!
Запусціць працэс беларусізацыі можна, прыкладам, з усталявання эфірнага нарматыву беларускамоўных песень на радыё. Скажам, каб з 75 працэнтаў беларускай музыкі 30-40 займалі беларускамоўныя кампазіцыі.
Потым — унясенне зменаў у закон аб мовах. Тым больш што адпаведны законапраект ужо падтрыхтаваны. На грунце прапановаў ТБМ аб зменах у моўны закон яго распрацавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч і Ігар Катляроў. Нават Канстытуцыйны суд зрабіў зварот да парламентарыяў, каб тыя ўдасканалілі закон аб мовах дзеля ўраўнаважання пазіцый рускай і беларускай моваў. То бок суд прызнаў, што беларуская мова ў заняпадзе.
Але гэта заканпраект закінуты ў шуфляду. У гэтым годзе, як і летась, у парламенце ён разглядацца не будзе. Як распавёў у інтэрв’ю "Белорусским новостям" Уладзімір Здановіч, "па тэхнічных прычынах"...

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства