viasna on patreon

Улады будуць ствараць “дзяржаўна-грамадзкія арганізацыі”

2005 2005-01-27T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На вясновую сэсію Палаты прадстаўнікоў унесены распрацаваны ўрадам законапраект “Аб рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадзкіх аб’яднаньнях”. Праект прадугледжвае стварэньне псэўдаграмадзкіх структураў, кантраляваных і фінансаваных урадам. Законапраект распрацаваны на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі.

Праціўнікі гэтага закону лічаць, што ўлады хочуць адрадзіць грамадзкія структуры таталітарнага пэрыяду беларускай гісторыі.

Кіраўнік парлямэнцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Аляксандар Сьвірыд прызнае, што такога закону ў Беларусі яшчэ не было, аднак аб’яднаньні дзяржаўна-грамадзкага тыпу ўжо існуюць, і ў іх сумяшчаецца дзяржаўная і грамадзкая ўласнасьць.

Законапраект прапануе прызнаць іх асаблівым відам некамэрцыйных арганізацыяў, якія ствараюцца і ліквідуюцца вышэйшымі органамі дзяржаўнага кіраваньня. Умовы для іх стварэньня мае вызначыць прэзыдэнт альбо ўрад, у залежнасьці ад задач, якія ставяцца перад імі дзяржавай, зазначыў спадар Сьвірыд.

Да гэткага тыпу аб’яднаньняў можна аднесьці арганізацыі, што ўжо існуюць: БРСМ, жаночыя і вэтэранскія саюзы, якія выконваюць задачы ўладаў, у тым ліку актыўна накіроўваюць сваіх сябраў у выбарчыя камісіі.

Прадстаўнік Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі Алесь Бяляцкі лічыць, што гэты законапраект сьведчыць пра імкненьне ўладаў вярнуцца да былой савецкай сыстэмы псэўдаграмадзкіх аб’яднаньняў.

(Бяляцкі: ) “Гэта менавіта тыя арганізацыі, якія цалкам залежаць ад улады, якія знаходзяцца на яе матэрыяльным забесьпячэньні й выконваюць тыя задачы, якія ставіць менавіта ўлада, а не грамадзтва”.

Паводле Алеся Бяляцкага, адначасова ўлады закрываюць незалежныя грамадзкія аб’яднаньні й адмаўляюцца рэгістраваць новыя. За апошнія два гады паводле падлікаў выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў было закрыта каля сотні арганізацыяў, і некалькім сотням ініцыятываў адмоўлена ў рэгістрацыі.
Радыё Свабода

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства