viasna on patreon

Гарадзенскія ўлады хочуць высяліць чатыры грамадзкія арганізацыяі, у тым ліку БНФ “Адраджэньне”, праз суд

2005 2005-01-25T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Эксплюатацыйнае прадпрыемства Ленінскага раёну Горадні зьвярнулася ў гаспадарчы суд вобласьці з пазовам на высяленьне чатырох грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку БНФ “Адраджэньне”, з будынку па вуліцы К.Маркса, 11. Судовае разьбіральніцтва прызначана на 8 лютага.

Кіраўнік эксплюатацыйнага прадпрыемства Анатоль Літвін у пазове спасылаецца на заключэньне інстытуту “Горадняграмадзянпраект”, у якім гаворыцца, што будынак знаходзіцца ў аварыйным стане і далейшая яго эксплюатацыя немагчыма. Ён просіць суд скасаваць дамову з грамадзкімі аб’яднаньнямі і высяліць іх з будынку.

Цяпер па адрасе Маркса,11 маюць юрыдычныя адрасы рады трох грамадзкіх аб’яднаньняў БНФ “Адраджэньня” — гарадзкая, абласная і Ленінскага раёну Горадні, а таксама гістарычна-культурніцкі клюб “Паходня”. Апроч іх у будынку месьціцца гаркам Партыі камуністаў беларускай і прыватная будаўнічая крама. Дарэчы, толькі да крамы ўлады ня маюць прэтэнзіяў, яна зьяўляецца прыватнай уласнасьцю. Там ніякіх прадпісаньняў ад уладаў не атрымлівалі. І, нягледзячы на аварыйны стан будынку, крама працягвае працаваць. Прадстаўнікі астатніх арганізацыяў лічаць, што высяленьне іх на вуліцу зьвязана з палітычнымі матывамі.

Лідэр гарадзкой рады БНФ “Адраджэньне”, Мікола Воран, ужо неаднойчы заяўляў, што гарадзкія ўлады хочуць пазбавіць іх юрыдычных адрасоў. Ён быў на прыёме ў старшыні ўпраўленьня гарвыканкаму па прыватызацыі Сьвятаслава Карпінскага, але пакуль ніякіх канкрэтных вынікаў няма. Спадар Карпінскі сказаў, што знайсьці памяшканьні для арэнды цяпер вельмі складана, паколькі толькі 40% будынкаў у горадзе належыць камунальнікам. Маўляў, мы стараемся дапамагчы, але трэба, каб яны самі стараліся знайсьці для сябе памяшканьні.

Мікола Воран, у сваю чаргу, настроены рашуча і кажа, што калі ўлады не дадуць іншага памяшканьня і новага юрыдычнага адрасу, то самі яны выходзіць з будынку па вуліцы К.Маркса,11 не зьбіраюцца.
Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства