Гродзенскім прадпрыемствам "не рэкамендуюць" размяшчаць рэкламу ў недзяржаўных СМІ
Упраўленне ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама даслала дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам горада лісты, у якіх "не рэкамендуе" ім размяшчаць рэкламу ў недзяржаўных газетах. Пра гэта ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" паведаміла журналіст прыватнага гродзенскага выдання "Биржа информации" Наталля Макушына. Копія ліста з аблвыканкама знаходзіцца ў рэдакцыі.
Разам з "рэкамендаўчым лістом" прадпрыемствы Гродна атрымалі спіс дзяржустановаў, якія размяшчалі рэкламу ў недзяржаўных СМІ. У гэты пералік патрапілі, сярод іншых, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт, малаказавод і мясакамбінат.
Начальнік упраўлення ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Амелька заявіў Н. Макушынай, што дакумент накіраваны на падтрымку дзяржаўных СМІ і мае рэкамендаўчы характар, а прадпрыемства само будзе вызначаць, дзе размяшчаць рэкламу.