viasna on patreon

Нямецкі Фонд «Памяць, адказнасць i будучыня» абвяргае беларускае тэлебачанне

2005 2005-01-18T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У матэрыяле, што быў паказаны ў навiнах на канале АНТ 13 студзеня 2005 года, выказваецца шэраг прэтэнзiяў да Беларускага рэспублiканскага Фонду ”Узаемаразуменне i прымiрэнне”. У прыватнасцi, камiсii Фонду з некаторых абласных гарадоў Беларусi абвiнавачвалiся ў тым, што беспадстаўна адмаўлялi былым фашысцкiм вязням у прыняццi дакументаў на атрыманне грашовай кампенсацыi. У сувязi з гэтым праўленне нямецкага Федэральнага Фонду “Памяць, адказнасць i будучыня” прыняло заяву, у якой абвяргаюцца ўсе прэтэнзii да Беларускага рэспублiканскага Фонду ”Узаемаразуменне i прымiрэнне”.

Паводле Федэральнага Фонду, беларускi Фонд заўжды адстойваў iнтарэсы ўсiх ахвяраў нацыянал-сацыялiстычнага пераследу з Беларусi, а ўсе праверкi дзейнасцi Фонду, што цягам многiх год праводзiлiся ў Беларусi, паказалi, як выдатна Беларускi Фонд прадстаўляе iнтарэсы пакрыўджаных i з якiм тактам ён аддае данiну iх цяжкаму лёсу.

У заяве Федэральнага Фонду адзначаецца, што кожнаму заяўнiку, хадайнiцтва якога было адхiленае, была прадстаўлена мажлiвасць звярнуцца ў незалежнае Бюро скаргаў у Менску, якое правярала падстаўнасць прынятага Беларускiм Фондам рашэння. Заключэннi Бюро скаргаў таксама былi прадметам праверкi з боку Федэральнага Фонду, у якога не ўзнiкла нiводнай падставы, каб меркаваць, што палажэннi закону былi парушаныя i прымененыя не ў iнтарэсах ахвяраў.

– У блiжэйшыя месяцы Беларускi Фонд завершыць графiк выплатаў па другiм траншы ў межах закону. Мы абсалютна перакананы ў тым, што Беларускi Фонд у стане працягнуць сваю паспяховую працу да завяршэння выплаты грашовых кампенсацыяў. Менавiта абапiраючыся на вынiкi нашых папярэднiх праверак, якiя будуць працягвацца да заканчэння дзейнасцi Беларускага Фонду, мы можам сказаць: “Мы давяраем Вашай працы i Вы у поўнай меры заслугоўваеце на гэты давер, – цытуе заяву для прэсы Федэральнага Фонду “Памяць, адказнасць i будучыня” pahonia.promedia.by.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства