Сацыял-дэмакраты Нямеччыны пратэстуюць з нагоды прысуду Марынічу
Кіроўная ў нямецкім Бундэстагу сацыял-дэмакратычная фракцыя выказала рашучы пратэст у зьвязку з прысудам Міхаілу Марынічу і перасьледам беларускай апазыцыі. Нямецкія палітыкі ня маюць сумневу ў палітычнай матываванасьці падобных прысудаў, паколькі былы амбасадар Марыніч зьяўляецца рэальным палітычным канкурэнтам Лукашэнку.
Як вынікае з заявы нямецкіх сацыял-дэмакратаў, палітычная эліта Нямеччыны занепакоеная тым, што аднаго зь лідэраў апазыцыі пазбавілі волі тэрмінам на пяць год. Паводле нямецкіх палітыкаў, рашэньне Менскага суду ёсьць выключна палітычным крокам, які зроблены з мэтай далейшага падаўленьня і перасьледу дэмакратычных сілаў у Беларусі.
“І абвінавачаньне, і прысуд Марынічу ёсьць гратэскнымі і ня утрымліваюць ніякіх фактычных падставаў”, – перакананыя сябры Бундэстагу.– “Паколькі абвінавачаньне ў захоўваньні зброі не пацьвердзілася ў зьвязку з адсутнасьцю доказаў, то крытыка Лукашэнкі асудзілі за крадзеж кампутараў”.
Нямецкія палітыкі выказваюць спадзяваньні, што менскі суд усё ж станоўча разгледзіць апэляцыйныя скаргі. “На вызваленьні Міхаіла Марыніча трэба настойваць, як і увогуле пратэставаць супраць перасьледу апанэнтаў беларускага рэжыму”, – заяўляюць сябры Бундэстагу ў сваім пратэсьце і працягваюць: “мы салідарныя з Марынічам і будзем надалей падтрымліваць дэмакратычную апазыцыю ў гэтае краіне”.
“Мы патрабуем ад беларускіх уладаў зрабіць усё, што ад іх залежыць, каб тэрмінова вызваліць Міхаіла Марыніча” – заяўляюць нямецкія сацыял-дэмакраты.
Радыё Свабода